Ларысу Шчыракову будуць судзіць за асвятленне візіту Святланы Алексіевіч у Петрыкаў

video

Журналістку абвінавачваюць у працы без акрэдытацыі для «Белсату» за асвятленне візіту Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у Капаткевіцкую сярэднюю школу, якую яна скончыла ў 1965 годзе і наведала сёлета ў жніўні.

Паседжанне адбудзецца 5 кастрычніка ў Петрыкаўскім раённым судзе.

Паводле журналісткі, пра справу яна даведалася ад судовай сакратаркі.

«У міліцыю мяне не выклікалі і нават не папярэджвалі пра адміністрацыйны пратакол», – кажа Ларыса Шчыракова.

Сёлета Ларысу Шчыракову ўжо пяць разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за сюжэты на «Белсаце» і нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Агульная сума штрафаў журналістцы перавысіла 3,2 тысячы рублёў.

4 кастрычніка яе чакае яшчэ адно паседжанне ў Гомельскім судзе.

27 верасня ў Гомлі атрымалі штрафы за «працу без акрэдытацыі» журналісты-фрылансеры Андрэй Толчын і Кастусь Жукоўскі. Петрыкаўскі раённы суд прызнаў іх вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі. Цяпер кожны з іх мусіць выплаціць штраф 40 базавых велічыняў – амаль па $ 500.

Незадаволенасць чыноўнікаў сёлета абышлася Андрэю Толчыну прыкладна ў $ 1000. У Канстанціна Жукоўскага агульны памер штрафаў пераваліў за $ 3 500.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары