На расейскай ці на еўрапейскай частцы выставы MITT-2017 мае размясціць свой стэнд Беларусь? З такім пытаннем звярнулася Нацыянальнае агенцтва па турызму да сваіх падпісчыкаў у адной з сацыяльных сетак.
Звычайна выставачны павільён арганізатары дзеляць на дзве часткі – расейскую ды еўрапейскую. Большасць тых, хто узяў удзел у апытанні, прапануе размясціць стэнд на еўрапейскай частцы выставы.
Сярод іх – мастацкі кіраўнік ПАН-студыі Зміцер Бейнарт-Саладуха, заснавальнік Talaka.by Яўген Клішэвіч, дырэктар кампаніі «Jetsounds Cosmic Crp.» Аляксандр Касач, блогер-актывіст Антон Матолька ды іншыя.
Але ёсць і другія меркаванні, якія маюць пад сабой абгрунтаванне.
«Глядзіце: выстава праводзіцца ў Расеі. Значыць еўрапейцы прыедуць у Маскву знаёміцца з расейскім турбізнесам, і цікавіцца будуць расейскай паловай. Расейцы будуць цікавіцца гасцямі. Калі вы хочаце ўвагі еўрапейцаў, размяшчайцеся на расейскай палове», – піша дацэнт кафедры інжэнернай графікі БДУІР Алег Кісялеўскі, вядомы як Ціхан Хрэннікаў.
Таксама ён дадаў belsat.eu:
«Я неаднаразова прымаў удзел у шматлікіх міжнародных канферэнцыях і выставах (навуковых). Таму кіруюся выключна псіхалогіяй наведвальнікаў, і ні ў якім разе не палітычнымі і нацыянальнымі сімпатыямі. Згодна з імі, зразумела, я – еўрапеец».
Куратарка галерэі tut.by Таццяна Бембель таксама выказала сваю кропку гледжання:
«Палова на еўрапейскай, палова на расейскай. Гэта было б канцэптуальна правільна, калі не казаць ўжо пра тое, што пра гэты павільён ўсе б размаўлялі. Пытанні арэнды, адпаведна, трэба падзяліць на дзве дамовы».
Анатоль Аканцінаў, заснавальнік і генеральны дырэктар Цэнтра стратэгічнага развіцця «Маркетынгавыя сістэмы» таксама дзеліцца ў каментарах сваім меркаваннем:
«У залежнасці ад мэты і ўдзельнікаў: санаторыі на расейскай, свабода ад візы – на еўрапейскай. Добра было б там і там з розным пазіцыянаваннем, але яшчэ важней воркшоп! Можа пра гэта падумаць».
24-я Маскоўская міжнародная выстава «Падарожжы і турызм» пройдзе з 14 па 16 сакавіка 2017 у ЦВК «Экспацэнтр». Да гэтага стэнд Рэспублікі Беларусь размяшчаўся на расейскай частцы выставачнага комплексу.
ВД, Belsat.eu