На сайце «Круглага стала дэмакратычных сілаў», які ўзначальвае Юрый Васкрасенскі, з’явіўся спіс вязняў, якіх трэба вызваліць.
«Круглы стол дэмакратычных сілаў» мае намер звярнуцца на Усебеларускім народным сходзе да дэпутатаў з прапановаю прыняць Закон аб амністыі. На думку Васкрасенскага, які ўзначальвае «Круглы стол», гэта стане сімвалам палітычнай перазагрузкі стасункаў уладаў і грамадства. Установа таксама прапануе і спіс вязняў для амністыі, сярод якіх ёсць сам Васкрасенскі.
Імёны Віктара і Эдуарда Бабарыкаў стаяць побач. На мінулым тыдні справу топ-менеджараў «Белгазпрамбанку», які ўзначальваў Бабарыка-старэйшы, накіравалі ў суд. Сярод падазраваных прызнаць віну адмовіўся толькі ён. Таксама ў спісе і каардынатарка ягонага штабу Марыя Калеснікава.
Нядаўна Васкрасенскі вінаваціў у хлусні Сяргея Ціханоўскага. Тым не менш у ягоным спісе блогер прысутнічае. Як і Мікалай Статкевіч з Паўлам Севярынцам, якія таксама апынуліся за кратамі яшчэ да выбараў.
«Круглы стол дэмакратычных сілаў» прапаноўвае вызваліць і журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову, якія застаюцца за кратамі з 15 лістапада за асвятленне падзеяў на плошчы Пераменаў. У спісе і аўтарка TUT.BY Кацярына Барысевіч.
Крымінальныя справы супраць людзей, залучаных у спіс, праходзяць розныя стадыі. Некаторыя з абвінавачаных цяпер не ў Беларусі. Агулам у спісе 213 прозвішчаў, і спіс дапаўняецца. Аднак у той жа час сярод прапанаваных да амністыі няма Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, у дачыненні якіх таксама завялі крымінальныя справы.
Юрый Васкрасенскі – былы сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі, які пасля выбараў апынуўся ў «амерыканцы». На сустрэчы з Лукашэнкам Васкрасенскі сядзеў ад яго па правую руку. Літаральна на наступны дзень ён выйшаў на волю з даручэннем «падрыхтаваць прапановы для зменаў у Канстытуцыю». Зараз займаецца сустрэчамі «Круглага стала», але без асаблівага поспеху. На першую сустрэчу прыйшлі толькі 4 чалавекі. Таксама пад асабістае паручальніцтва Васкрасенскага з СІЗА КДБ вызвалілі некалькі асобаў. Прадстаўнікі апазіцыі абвінавачваюць Васкрасенскага ў супрацы з рэжымам і сілавікамі.
ПЯ/СК belsat.eu