Крэмль: Хто з намі, той супраць нас. Да чаго Масква хоча змусіць Беларусь?

video

Прапаганда Крамля ізноў атакуе Аляксандра Лукашэнку. Калі ў 2010 годзе НТВ запусціла дакументальны фільм «Хросны Бацька», Лукашэнка пагадзіўся прадаць «Белтрансгаз» і падпісаў Мытны Саюз з Расеяй. Сёння Масква падазрае беларускага кіраўніка ў нелаяльнасці ды баіцца страціць Беларусь. Прычына – ацяпленне стасункаў Менску і Бруселю. Якой Беларусь павінна быць, паводле Крамля? Інфармацыйную атаку Масквы каментуюць палітолагі Павал Вусаў і Арсень Сівіцкі а таксама сацыёлаг Аляксандр Папко.

Працягнем гэтую дыскусію і паразмаўляем пра яшчэ адную «гуляючую жонку», пра Беларусь. Пра Беларусь давайце пагаворым. На яе Еўропа таксама даўно паклала вока, але заманіць у свае абдымкі ў яе не атрымліваецца, але падрыўная праца там вядзецца» – заявіла вядоўца Вольга Белова ў ток-шоў «Место встречи» на расейскім тэлеканале «НТВ».

Паводле ўдзельнікаў дыскусіі, падрыўная работа ў Беларусі, праяўляецца ў тым, што Беларусы пачынаюць цікавіцца сваёй гісторыяй.

У мінулы аўторак фінансаванае «Газпромам» расейскае «НТВ» прысвяціла перадачу саміту «Усходняга партнёрства». Размаўлялі пра нелаяльнасць Арменіі, якая ў Бруселі падпісала пагадненне аб партнёрстве з Еўразвязам. Дайшлі аднак да высновы, што гэта каўказская краіна ад Расеі, так бы мовіць, нікуды не дзенецца. Прыгадалі вайсковую базу ў Гюмры, якая, паводле расейскіх прапагандыстаў, з’яўляецца адзіным гарантам бяспекі Арменіі ў канфрантацыі з Азербайджанам і Турцыяй.

Беларусі ж, якая ў адрозненні ад Арменіі ўвогуле не падпісала ў Бруселі ніякіх пагадненняў, дасталася, як кажуць, па поўнай.

«У мяне няма абсалютна ніякіх сумневаў у вернасці Арменіі, працягваючы жаночую аналогію, яна так і будзе. Але ў стасунку да Беларусі нам трэба вельмі напружыцца», – заявіў Мікалай Платошкін, загадчык кафедры міжнародных адносінаў і дыпламатыі Маскоўскага Гуманітарнага Ўніверсітэту. Палітолаг працягнуў:«Гэта другая Украіна. Прычым яна будзе вельмі хутка. Зайдзіце ў кніжную краму ў горадзе Менску. У параўнанні з перыядам пяцігадовай даўніны асартымент змяніўся. Тады кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, пра сумесная братэрства і гэтак далей. А цяпер што Беларусь гэта нашчадак Вялікага княства літоўскага. Што беларусы – асобны народ».

Лукашэнку прыгадалі тое, што ў 2008 годзе не прызнаў незалежнасць Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі, што не падтрымаў Маскву ў канфлікце з Кіевам і пры ўсім гэтым атрымліваў мільярды долараў фінансавай падтрымкі з Расеі.

Што гэта азначае? Мы папрасілі пракаментаваць інфармацыйную атаку беларускіх экспертаў.

Палітолаг Павал Усаў лічыць, што гэта элемент палітыкі Масквы:

«Давайце прыгадаем, што гэта не першы раз калі беларускага прэзідэнта даволі жорстка крытыкавалі і выкарыстоўвалі розныя эпітэты ў дачыненні да яго. Гэта звязана з агульным падыходам Крамля да Беларусі ды Лукашэнкі. Расея змяняе гэты падыход і становіцца больш жорсткай. Асноўная мэта – змусіць Беларусь да саступак».

Падобная сітуацыя была 7 год назад, калі НТВ паказала серыю фільмаў «Хросны Бацька». Тады, у 2010-2011 гадах, расейскі тэлеканал на ўсю Расею распавядаў пра зніклых апазіцыйных палітыкаў у Беларусі. Рэжыму Лукашэнкі тэлеканал прысвяціў аж пяць частак дакументальнага фільму «Хросны Бацька», які з эфіру ў Беларусі выразалі. Беларускі кіраўнік пайшоў на саступкі і цалкам прадаў Газпрому «Белтрансгаз». Падпісаў таксама мытны саюз з Расеяй, які абмежаваў магчымасць эканамічнай інтэграцыі з Еўропай. Якіх саступак сёння дамагаецца ад Менску Масква?

Аляксандр Папко, доктар сацыялагічных навук: «У стасунку да сваіх суседзяў Расея кіруецца слоганам «хто не з намі, той супраць нас». Любыя кантакты з Захадам успрымаюцца як дзеянні варожыя Расеі. Па другое, Расея не хоча плаціць сваім саюзнікам, і на думку Расеі, саюзнікі павінны разам супрацьдзейнічаць Захаду, рыхтавацца да супрацьстаяння з захадам ці нават да вайны».

Ад расейскіх грошаў Менск не адмаўляецца, але далучацца да расейскага фронту супраць Захаду не хоча. Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі зрабіў у Бруселі заяву, якая не магла спадабацца ў Маскве: «Беларусь знаходзіцца паміж двума вялікімі агнямі, з аднаго боку, з Расеяй, а з іншага з Еўрапейскім Звязам. Яны на жаль зʼяўляюцца супернікамі. Але мы хацелі б, пазбегнуць гэтай канфрантацыйнай рыторыкі».

У Крамлі чакаюць ад Менску большай вернасці. У ток-шоў на НТВ Алег Барабанаў праграмны дырэктар клубу «Валдай», прафесар Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў заявіў, што «Нам патрэбныя саюзнікі, на якіх мы можам палажыцца».

Вядоўца запытала яго: «А гэта саюзнікі, вось гэтыя жонкі, якія глядзяць па баках?»

Маскоўскі палітолаг удакладніў: «Вось акурат у гэтым і пытанне, што на жаль, расце перакананне, што на Беларусь, калі што, мы не зможам палажыцца. Як ён пачаў заігрываць нават не з Парашэнка а яшчэ з Турчынавым».

Каментуе Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў: «Расея разумее, што яна страчвае кантроль над постсавецкай прасторай. Перш за ўсе страчвае магчымасць уплываць на ўнутраную палітыку постсавецкіх краінаў. З дапамогай мяккай сілы Расея прабуе па сутнасці шантажаваць гэтыя краіны. І таксама пасылаць сігналы, намёкі, што калі гэтая краіна пачне пераходзіць нейкія чырвоныя лініі, то Крэмль можа вельмі лёгка пайсці на нейкі сілавы сцэнар».

Такі сцэнар Расея дэманстравала ўжо ў Грузіі і ва Украіне. Лукашэнка такога сцэнару не хоча, але дзяліцца сваёй уладай з Пуціным не збіраецца. Канфрантацыя Расеі з Захадам, якая можа зацягнуцца на доўгія гады, будзе для беларускага кіраўніка сурʼёзным выпрабаваннем і тэстам на незалежнасць.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінай Коўшык

Іншыя тэмы праграмы:

  • Навошта прыляталі? Рытуальны саміт АДКБ у Менск.
  • Што непрыемна здзівіла польскага журналіста Міхала Патоцкага на Беларускай АЭС у Астраўцы?
  • Якія з беларускіх кніг зацікавілі наведнікаў Кірмашу гістарычнай кнігі ў польскай сталіцы?
  • Космас іх? Палёты і пралёты былога лідара асваення космасу

Руслан Шошын belsat.eu, «Rzeczpospolita»

Глядзі таксама
Каментары