Краснадарскі суд працягнуў да сакавіку арышт выкрадзенага ў Беларусі Паўла Грыба


Краснадарскі суд падоўжыў арышт да 4 сакавіка для выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба, якога ў Расеі абвінавачваюць у арганізацыі тэракту.

Па словах бацькі Паўла Ігара Грыба, суд перанеслі з 19 на 15 снежня.

«Я лічу, што гэта было зроблена наўмысна, паколькі было заяўлена, што на судовым пасяджэнні павінны прысутнічаць замежныя дыпламаты. Але два дні таму нам паведамілі пра перанос паседжання і яны не паспелі даехаць», – цытуе Ігара Грыба «Украінская праўда».

Ён дадаў, што нягледзячы на ​​гэта, маці Паўла Грыба ўсё ж паспела даехаць да Краснадара і прысутнічала на пасяджэнні, як і генконсул Украіны ў Растове-на Доне.

Напрыканцы жніўня бацька Паўла Грыба, былы супрацоўнік памежнай службы Украіны Ігар Грыб паведамляў, што яго сын знік 24 жніўня, паехаўшы на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ пры дапамозе гэтай дзяўчыны.

Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), ен быў у міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА.

Па версіі расейскіх спецслужбаў, 19-гадовы Павел Грыб, які быў звязаны з украінскімі нацыяналістамі, прапанаваў знаёмай дзяўчыне з Сочы падарваць бомбу на школьнай лінейцы. Украіна лічыць пераслед Грыба палітычным, а абвінавачванні сфабрыкаванымі.

Паводле сваякоў хлопца ён пакутуе на хранічныя захворванні. Украінскія лекары лічаць, што стан здароўя Паўла Грыба ў СІЗА пагоршыўся і ў цяперашні момант з’яўляецца цяжкім, а неабходнай медычнай дапамогі яму не аказваюць.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў