Кіраўнік беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў на суму Br 173 000, паведамляе КДК.
«У фінансавай міліцыі ёсць дакладная інфармацыя пра тое, што А.І.Ліпай, атрымаў у 2016-2017 гг. ад нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь даход на агульную суму больш за 1,3 млн. рублёў у эквіваленце, наўмысна не прадставіў ва ўстаноўленыя тэрміны ў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па месцы жыхарства падатковыя дэкларацыі і не выплаціў падаходны падатак», – гаворыцца ў паведамленні КДК.
Кіраўнік інфармацыйнага агенцтва прызнаў, што парушыў заканадаўства і заплаціў падатак ды пеню ў памеры больш за Br 191 000.
«З улікам таго, што памер шкоды перавысіў 1 тысячу базавых велічынь, фінансавая міліцыя абавязаная высветліць абставіны атрымання грошай», – паведамляе КДК.
У дачыненні да кіраўніка БелаПАН распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў).
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці параўноўваюць справу Алеся Ліпая з пераследам лідараў беларускага незалежнага прафсаюзнага руху і справаю праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
«Я расцэньваю гэта, як атаку на адно з галоўных інфармацыйных агенцтваў, практычна адзінае такое па-сутнасці незалежнае інфармацыйнае агенцтва ў Беларусі. У прынцыпе гэта кладзецца ў логіку ўладаў, калі глядзець на папраўкі ў закон аб СМІ, якія былі прынятыя нядаўна, калі глядзець на ранейшыя блакаванні сайтаў – Белпартызана, Хартыі», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
«Ведаем, што дастаткова часта ўжываецца механізм фінансавага ціску на грамадскіх актывістаў, палітычную апазіцыю. Дастаткова ўзгадаць справу Алеся Бяляцкага, які тут таксама прысутнічае, і справу незалежнага прафсаюзу, якая сёння разглядаецца», – кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Нагадаем, што ў 2011 годзе кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўхіленне ад выплаты падаткаў.
Алесь Ліпай у 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам радыё «Свабода» ў Беларусі. Працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навінаў у газеце «Знамя юности». У 1991 вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». У кастрычніку 1991 стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН і з’яўляецца генеральным дырэктарам кампаніі.
ЮВ, belsat.eu