Дзяржпагранкамітэт распавёў пра затрыманне дзёрзкага цыгарэтнага кантрабандыста.
У ноч з 5 на 6 студзеня памежны нарад побач з сігналізацыйным комплексам заўважыў аўта. Памежнікі паспрабавалі яго спыніць, каб праверыць, ці законна кіроўца перабывае ў памежнай зоне.
Гэтае патрабаванне кіроўца праігнараваў, пры гэтым на вялікай хуткасці накіраваўшы сваё аўта на памежны нарад.
У адказ памежнікі былі вымушаныя адкрыць папераджальны агонь.
Кіроўца паспрабаваў схавацца ў бліжэйшым населеным пункце. Аднак на месцы здарэння памежнікі знайшлі сляды парушальнікаў, а таксама тры поліэтыленавых пакеты, у якіх знаходзіліся 1,5 тыс. пачкаў цыгарэтаў.
У працэсе пошуку выйшлі на мясцовага жыхара, датычнага да парушэнняў на мяжы. Падчас вобшуку ў яго дома знайшлі 25 тыс. пачкаў цыгарэтаў той жа маркі, што і ў памежнай паласе. Распачаты адміністратыўны працэс.
Факт незаконнага перакрочвання мяжы прызнаў і польскі бок, які паведаміў пра сляды двух чалавек, а таксама сляды машыны, якая падʼязджала да мяжы.
НМ, belsat.eu, паводле Дзяржпагранкамітэту