Кандыдат-дармаед Юрый Шульган – The game is NOT over!


Прэтэндэнт на вышэйшую пасаду абвяргае паведамленне, якое распаўсюдзілі сёння інтэрнэт-рэсурсы пра тое, што ён выходзіць з прэзідэнцкай гонкі. Насамрэч інфармацыю распаўсюдзіў яго ж выбарчы штаб, паведаміўшы, што ў пашпарце Юрыя Шульгана няма штампа аб рэгістрацыі месца жыхарства.

Выбарчы штаб паспяшыў заявіць аб тым, што ён рэарганізоўваецца ў грамадзянскую ініцыятыву «Незалежнае Назіранне Юрыя Шульгана», каб «сачыць за ходам далейшай выбарчай кампаніі, паводзінамі іншых кандыдатаў, выкрываць абуральныя парушэнні выбарчага заканадаўства і даносіць усе факты да шырокай грамадскасці».

Сам Юрый Шульган паведаміў «Белсату», што па законе ў яго яшчэ ёсць пяць дзён, каб вырашыць пытанне з рэгістрацыяй.

Ён дадаў, што сёння атрымаў прапанову, дзе зможа прапісацца хутка і без перашкодаў. Калі гэта не атрымаецца ў такі сціслы тэрмін, то Юрый Шульган знойдзе сабе іншы занятак. Сваймі планамі ён падзяліўся з «Белсатам».

– Можа не атрымацца з рэгістрацыяй у такі кароткі тэрмін, што будзеце рабіць?
– Я буду на градках. Усё ж лета, надвор’е спрыяе.
– Ці далёка градкі?
– У мяне ад бабулі застаўся дамок з садам у Берасцейскай вобласці, але ёсць і бліжэй пад Менскам лецішчы ў маіх сяброў і сяброў маёй маці.
– То бок палітыкай больш не будзеце займацца?
– А я ёй заўсёды займаюся, нават з 9 класа. Вось, напрыклад, гаварыў бабулі: «Бабуля, Зянон Пазняк не фашыст. Ён працаваў у музеі, інтэлігентны чалавек. Сама падумай – ці можа там фашыст працаваць?». Ці, напрыклад: «Бабуля, за каго ты галасуеш?! Ён жа нічога не «петрыць» у эканоміцы. Нельга за такога галасаваць». Я і цяпер займаюся палітыкай. Гэта не значыць, што бегаю са сцягам. Хаця са сваім родным сцягам трэба выходзіць на свята. Хоць бы на той жа Дзень Волі, ці Аршанскую бітву адсвяткаваць. Святаў хапае і тут наш родны бел-чырвона-белы заўсёды патрэбны.
– Ці даўно з’явілася праблема з прапіскай?
– Ды ўжо 15 гадоў. Я асабліва на гэтую тэму не замарочваўся. Няма і няма…
– Але, каб у Менску арандаваць кватэру, трэба ж грошы…
– А ў мяне з грашыма не надта, але шмат сяброў. Вось так і жыву і ўсё пакуль нармальна.
– Калі з прапіскай не атрымаецца, то ці будзеце дапамагаць каму з зарэгістраваных кандыдатаў?
– Ну, я чакаю прапановаў. Калі мне нехта з іх прапануе паўдзельнічаць у яго кампаніі, то я разгляджу яго прапанову і магчыма пагаджуся. Чаму – не?
– А як вам прапанова Уладзіміра Някляева зарыць свае амбіцыі на карысць адзінага кандыдата?
– А хто будзе адзіным? Ну хто? Калякін? Лябедзька? Караткевіч? А народ іх ведае? А людзей яны аб’яднаюць вакол сябе? Вось цяпер у чым праблема. Цяпер толькі застаецца назіраць за гэтым…

Юрый Шульган разам кіраўніком свайго выбарчага штабу Паўлюком Канавальчыкам прынеслі 17 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам спісы сваёй ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю. Пасля няўдалай спробы трапіць у будынак ЦВК (ахоўнік будынку палічыў Юрыя Шульгана п’яным), ён разам з кіраўніком свайго выбарчага штабу трапіў у міліцэйскую машыну. Імаверна іх павезлі ў РУУС, каб зрабіць тэст на наяўнасць алкаголю ў крыві.

Любоў Лунёва, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары