Вынікі сёлетніх выбраў і так відавочныя, заявіла на апошнім паседжанні Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Зрэшты, пакуль афіцыйна не вызначаная і дата выбараў, хоць верагоднай называецца 15 лістапада. Пазмагацца за пасаду прэзідэнта заявілі пакуль шэсць асобаў, сярод якіх і малавядомыя людзі.
СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА, ШЭФ-РЭДАКТАРКА «НАРОДНАЙ ВОЛІ»:
«Апазіцыя наша абрала такі сцэнар – на выбары няхай ідуць малавядомыя людзі, для іх гэта будзе ракрутка. І як кажуць з дрэннай кампаніі хоць нейкі вынік. Але ў свеце няма прыкладаў, каб была паспяховая такая тактыка».
Без спадзяванняў на перамогу – але з жаданнем аб’яднаць вакол сябе людзей. З такім пасылам вылучаецца прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч.
ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, ПАТЭНЦЫЙНЫ КАНДЫТАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
«120 тысячаў асобаў падпісаліся і даверыліся ідэі народнага рэферэндуму. Болей за сорак адсоткаў выбарцаў лічаць, што парламент павінен быў прызначыць галасаванне па вострых пытаннях. І я лічу, што гэтыя людзі маюць права, каб мець свайго кандыдата».
Фармаваць сваю ініцыятыўную групу распачаў кандыдат-самавылучэнец Юрый Шульган. Сёння падчас прэсавай канферэнцыі ён агучыў матывы ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
ЮРЫЙ ШУЛЬГАН, ПРЭТЭНДЭНТ У КАНДЫДАТЫ:
«Гэта зоў душы і адказнасць перад краінаю. Я павінен дапамагчы гэтай краіне. Я неяк спаў у пад’ездзе і да мяне прыйшоў дух Зянона Пазняка». Ён мне кажа: «Юры, тое, што не змог зрабіць я, павінен зрабіць ты».
Беспрацоўны, без сталага месца жыхарства, Юрый Шульган з’яўляецца па-сутнасці дармаедам. 38 -гадовы ўраджэнец берасцейшчыны не мае нават пашпарту. Але нягледзячы на гэта партыя Зялёныя»«, якая падтрымала вылучэнца, заклікалі астатніх кандыдатаў ад апазіцыі зняцца на карысць Шульгана і зрабіць яго адзіным.
ПАЎЛЮК КАНАВАЛЬЧЫК6 КІРАЎНІК ПЕРАДВЫБАРЧАГА ШТАБУ ШУЛЬГАНА:
«Апазіцыя не здолела высунуць, не здолела дамовіцца пра кандыдата. То мы бярэм на сябе такую ўзурпатарскую ролю і вылучаем Юрыя Шульгу. І гэта кандыдатура альтэрнатыўная апазіцыі».
У штабе Шульгана заяўляюць, што калі не падтрымаць гэтую асобу, то выбары будуць проста сумнымі.
Але самі выбаршчыкі кажуць, у першую чаргу маюць падтрымаюць не асобу, а праграму, з якой кандыдат стане вылучацца.
«Да асобы кандыдата ў нас увесь час шмат увагі, але праграма павінна быць перадусім».
«І ні то і ні другое, для мяне асабіста гэта проста фармальнасць».
«Выбарчая праграма, кандыдат як асоба… я не ведаю, хіба важней праграма кандыдатаў».
«Мы з кандыдатамі не маем зносінаў, не камунікуем, таму ўсе ўражанні пра іх толькі з праграмы».
Зрэшты найбольш выгадна для ўладаў, адзначаюць эксперты – абмеркаванне як раз найменш важных пытанняў, менавіта таму і прагучаў заклік Аляксандра Лукашэнкі не верыць балбатунам, падчас наведвання МТЗ.
СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА, ШЭФ-РЭДАКТАРКА «НАРОДНАЙ ВОЛІ»:
«Ці можа жанчына быць прэзідэнтам, ці можа святар быць прэзідэнтам, ці можа стаць прэзідэнтам асоба, якая не пісьменная – гэта ўсё другаснае. Я перакананая, што насамрэч на сур’ёзныя тэмы дыскусіі падчас выбараў падымацца не будуць».
Выбары будуць адбывацца на фоне эканамічнага крызісу і падзення рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі, але ці скарыстаецца гэтым апазіцыя?
Сяргей Скулавец, belsat.eu