Зламысніка, які застрэліў вайскоўца каля парламента ў Аттаве, звалі Джозэф Хол. 32-гадовы мужчына нядаўна змяніў імя на Мішэля Зехаф-Бібо і прыняў іслам. Праз неаднаразовае парушэнне закону, пашпарт ураджэнца Квебеку, які апошні час пражываў у Манрэалі, быў канфіскаваны.
Паводле сяброў злачынцы, ён ніколі не меў экстрэмісцкіх поглядаў, а дзівацтвы ў яго паводзінах з’явіліся нядаўна.
«Ён казаў, што д’ябал пераследуе яго. Я думаю ў яго была псіхічная дысфункцыя», – распавёў знаёмы Зехафа-Бібо «Global Mail».
Канадзец праходзіў агляд у медыкаў, якія не знайшлі адхіленняў. Эксперты ж лічаць, што Зехаф мог мець дачыненне да «Ісламскай дзяржавы» і быць пад уплывам іх прапаганды.
«Гэты чалавек заходзіў на сайты «Ісламскай дзяржавы» і быў схільны да прапаганды, а можа натхнёны і іншымі матэрыяламі пра джыхад, якія бачыў у інтэрнэце», – заявіў адзін з экспертаў па нацыянальнай бяспецы Канады Уэслі Уорк.
Паліцыя мяркуе, што тэрарыст дзейнічаў не адзін. Спецаперацыя ў канадскай сталіцы працягваецца.
Прэм’ер-міністр краіны Стывен Харпер заявіў, што Канаду немагчыма напужаць, адзначыўшы, што «краіна не абаронена ад тэрарыстычных пагрозаў, але зламыснікі не змогуць тут схавацца».
Па дадзеных канадскіх сакрэтных службаў, у Канадзе зараз знаходзіцца да 80 экстрэмістаў, якія вярнуліся з вайны. Каля 130 грамадзянаў Канады застаюцца ваяваць на баку ісламістаў у Іраку і Сірыі. Пакуль ніводная радыкальная групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за тэракт, у выніку якога загінулі дзве асобы.
ДР, belsat.eu паводле news.nationalpost.com, telegraph.co.uk, theglobalmail.org