«Каханне сцірае межы». Гісторыя беларускай прыгажуні і бразільскага музыкі


Фота вакаліста бразільскага метал-гурта Sepultura ў цішотцы ад symbal.by з беларускім арнаментам імгненна выклікала зацікаўленасць беларускай інтэрнэт-супольнасці. Як аказалася, не абышлося тут без рамантычнай гісторыі кахання.

Беларуска Юлія Смірнова пазнаёмілася з Дэрэкам Грынам на канцэрце гутра «Sepultura» ў Менску, на якім дзяўчына прадавала свае скураныя вырабы і ўпрыгожванні.

«Першае, што падумала? Тое, што мы нібыта ведаем адзін аднаго ўсё жыццё. І гэтае пачуццё было ўзаемным…», – прызнаецца Юлія.

Фота з сацыяльных сетак

Сама дзяўчына жыве ў Менску, Дэрэк у Сан-Паўло, але маладыя закаханыя наведваюць перыядычна адзін аднаго.

«Канешне на адлегласці не лёгка. Але мы кожны дзень размаўляем, плануем нашую будучыню».

У сакавіку Юлія плануе здзейсніць сваё чарговае падарожжа ў Бразілію.

Цішотка, якая ўскалыхнула беларускі Instagram

«У мінулы раз я рыхтавала для яго падарункі і, ведаючы, што Дэрэквексілолаг і цікавіцца культурамі розных краін, прывезла сярод іншай дробязі цішотку, даволі сімвалічную».

Сама Бразілія пакінула дзяўчыне самыя яскравыя і цёплыя ўражанні, у першую чаргу ад спагадлівасці і адкрытасці людзей. «Там зусім іншая культура стасункаў паміж людзьмі. Усё на ўзроўні даверу, сяброўства і ўзаемнай сімпатыі», – распавядае дзяўчына.

«Ён любіць нашыя беларускія дранікі!»

Сам Дэрэк Грын зусім нядаўна быў у Беларусі, разам са сваёй абранніцай святкаваў свой дзень народзінаў.

Як узгадвае Юля, Дэрэк быў здзіўлены крыху нашай халоднай зімой, а ў цэлым у Беларусі яму вельмі спадабалася.

«Ён настолькі родны, ставіцца з такім разуменнем, добры і душэўны… А яшчэ ён вельмі любіць нашыя беларускія дранікі!»

У бліжэйшай будучыні маладыя плануюць сумеснае жыццё, аднак на якім кантыненце пакуль што не вырашылі.

ПВ belsat.eu

Стужка навінаў