Усё пачалося з гнеўнага допісу мадэлі Ніны Морыч у ейным «Facebookʼу» пад фотаздымкам з мужчынамі, абстаўленымі торбамі з буцікоў.
Мадэль раскрытыкавала італьянскі ўрад, за аказанне падтрымкі ўцекачам.
«Гэта ўжо занадта. Глядзець, як на курортах кшталту Фортэ-дэй-Мармі або Мілано-Марыціма мігранты начуюць на лаўках за нашыя € 35», – напісала ў допісе пад фотаздымкам з суперзоркамі мадэль.
Бежанцы, якія жывуць у адмысловых цэнтрах, атрымліваюць € 35 у дзень (большая частка грошаў ідзе на аплату пражывання і харчавання ў Цэнтры).
Карыстальнікі «Facebookʼу» пазналі на фота знакамітага амерыканскага актора Самюэля Джэксана і баскетбаліста Мэджыка Джонсана і напісалі пра гэта Морыч. Пазней мадэль напісала, што гэта быў жарт.
Джонсан і Джэксан ужо некалькі дзён знаходзяцца ў адпачынку ў Італіі. Пра гэта яны самі паведамілі ў сваіх сацсетках.
ЮВ, belsat.eu