Ісламісты молатамі патрушчылі калекцыю ўнікальных статуй у Іраку


Радыкальныя ісламісцкія баевікі «Ісламскай дзяржавы» на поўначы Іраку знішчылі каштоўныя статуі і скульптуры, узрост якіх вымяраўся тысячагоддзямі. Некаторыя з помнікаў паходзілі з VII-га стагоддзя да нашай эры.

Баевікі скідалі каменныя статуі з падставак, руйнавалі іх на падлозе кувалдай і адбойным малатком.

Ісламісты сцвярджалі, што скульптуры былі сімваламі ідалапаклонства.

«Прарок загадаў нам пазбаўляцца ад статуй і рэліквій, і яго паслядоўнікі рабілі тое ж самае, калі яны заваёўвалі краіны», – сказаў невядомы мужчына на відэа.

Помнікі, верагодна, належаць музею ў горадзе Масул, які ў чэрвені 2014 года захапілі баевікі «Ісламскай дзяржавы», распавёў Reuters былы працаўнік ўстановы.

Па словах іракскага археолага Ламіі аль-Гайлані, страты, якія нанеслі баевікі, параўнальны са знішчэннем талібамі статуй Буды ў Афганістане ў 2001 годзе. «Гэта не толькі спадчына Іраку, гэта спадчына ўсяго свету. Яна бясцэнная, унікальная», – сказала спецыялістка.

Знішчаныя статуі паходзілі са старажытных месапатамскіх гарадоў Нінівы і Німруды. Месапатамію (Міжрэчча) часта называюць калыскай цывілізацый. Тут паўстала першая ў гісторыі чалавецтва пісьменнасць – клінапіс, развіліся земляробства і ірыгацыя, былі здзейснены шматлікія вынаходкі – ад кола да першых транспартных сродкаў.

МЯ, паводле Reuters

Стужка навінаў