43 беларусаў эвакуявалі з сектару Газа


«Як сказаў наш кіраўнік дзяржавы, даражэй за ўсё каштуе хлеб, а самае дарагое – гэта людзі. Вы – нашыя людзі», – такімі словамі на тэрыторыі Егіпту працаўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі сустракалі беларусаў, эвакуяваных з сектару Газа. Раніцай у Каір па іх вылецеў самалёт «Белавіі». Паводле тэлеграм-каналу «Глас МИДа», арганізоўваўся вывад беларускіх грамадзянаў з сектару Газа ў кантакце з калегамі з Ізраілю і Егіпту, а таксама пры спрыянні Расеі і Катару. А тэлеграм-канал «pul_1» рэкламуе акцыю як выкананне даручэння Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нам нічога не вядома, што ў яго былі нейкія там размовы з егіпецкім або ізраільскім кіраўніцтвам, з іранскімі ўладамі або з катарцамі. Калі б, напрыклад, у яго былі нейкія тэлефонныя размовы, відавочна, што дзяржаўная прапаганда Беларусі гэтым бы скарысталася, каб яшчэ раз падкрэсліць яго вагу», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Акцыю актыўна асвятляюць не толькі дзяржаўныя медыі і тэлеграм-каналы, а нават і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. І ўсе як адзін падкрэсліваюць, што выконваецца «даручэнне кіраўніка дзяржавы».

Сітуацыя ў сектары Газа абвастрылася пасля нападу баевікоў «Хамасу» на Ізраіль сёмага кастрычніка. У адказ габрэйская дзяржава распачала маштабную вайсковую аперацыю. У першы ж тыдзень канфлікту пачалася эвакуацыя замежных грамадзянаў. Людзей вывозілі камерцыйнымі, вайскова-транспартнымі і нават урадавымі бартамі.

Лукашэнкаўскія ж улады не спяшаліся эвакуяваць сваіх грамадзянаў. Праз два тыдні з пачатку канфлікту дыпламаты заявілі, што гэтаму перашкаджаюць санкцыі.

«У гэтым кантэксце вялікую праблему складаюць заходнія санкцыі, што былі накладзеныя на “Белавія”. Нягледзячы на атрыманы дазвол ізраільскага боку, санкцыі не даюць рэалізаваць наўпроставы рэйс з Ізраілю ў Беларусь», – заяўляў амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў.

Заходнімі санкцыямі прыкрываўся тады і лукашэнкаўскі міністр замежных справаў Сяргей Алейнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт «Белавія». Менск, Беларусь.
Фота: ТАСС

«Калі б жадалі, знайшлі б варыянты. Канешне, калі б Беларусь не пасварылася з усім светам, працэс мог бы выглядаць лягчэй, можна было б дамовіцца з любой краінай-суседкай, якія раней эвакуявалі сваіх грамадзянаў, і зрабіць сумесную акцыю», – лічыць палітолаг Анатоль Котаў.

Першы так званы гуманітарны спецрэйс з Ізраілю з эвакуяванымі беларусамі адбыўся толькі праз месяц ад пачатку канфлікту – шостага лістапада. Але квіток на яго каштаваў 550 долараў на асобу з адной валізай багажу і адной рэччу ў руках.

«Рэйс, як вядома, быў камерцыйны, паколькі ўлады Беларусі жадалі хоць трошкі зарабіць на гэтым рэйсе. І, відаць, асабліва паспяховы не быў, нават не было поўнага самалёта ў гэтым выпадку», – нагадвае Аляксандр Фрыдман.

Тады з Тэль-Авіву вывезлі сто сямнаццаць беларусаў, цяпер з Каіру – сорак трох.

Ці платны сённяшні спецрэйс з Егіпту, у інфармацыйна-даведачнай службе «Белавіі» нам адказаць не змаглі:

«Умовы аплаты былі розныя. Пасажыр мусіў быць у курсе. У нас на папярэдні эвакуацыйны рэйс спачатку пасажыры аплачвалі, а потым ляцелі. Пра гэты рэйс ніякай інфармацыі нам не прыходзіла ўвогуле».

Цяперашнія падзеі паказваюць стаўленне ўладаў не толькі да сваіх грамадзянаў, але і да падзеяў у рэгіёне. Паводле Анатоля Котава, рэжым паказвае, што стаіць на баку тэрарыстаў у гэтым канфлікце:

«Людзі, якія эвакуююцца з Ізраілю, для іх хоць і беларускія грамадзяне, але нейкага іншага гатунку. А тыя, хто трапілі ў Газу, гэта ўсё ж тыя, хто так ці інакш працуе на сяброў рэжыму Лукашэнкі».

Акцыя піяру працягнецца, мяркуюць нашыя суразмоўцы. І сярод наступных крокаў прапаганды Аляксандр Фрыдман прагназуе магчымую сустрэчу эвакуяваных з Лукашэнкам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»