Хто збіў дачку Фёдара Емяльяненкі, і чаму ўсе думаюць, што гэта Кадыраў?


Шматразовы чэмпіён свету ў змяшаных двубоях, майстар самба і дзюдо, Фёдар Емяльяненка цяпер бʼецца з нябачным праціўнікам. Ягоную 16-гадовую дачку выпісалі з Інстытуту траўматалогіі. Але цяпер у шпіталі трэнер Емяльяненкі – пакуль з невядомых прычынаў.

Што ж адбываецца? Кіпяць сацыяльныя сеткі, маўчаць федэральныя каналы, пра хаду крымінальнага следства інфармуюць непасрэдна Пуціна, Кадыраў прапаноўвае дапамогу ў пошуках, а прэс-служба Крамля просіць не звязваць інцыдэнту з Чачэніяй.

«Чаму ва ўсіх узнікаюць менавіта не рэкамендаваныя Крамлём асацыяцыі, паралелі і падазрэнні? Нейкая масавая параноя, абцяжараная кадырафобіяй», – выказалася Марыя Лондан, вядоўца тэлеканалу «Регион-ТВ», Новасібірск.

Адкуль ліха прыляцела?

Усё пачалося ў мінулы аўторак з турніру па змяшаных двубоях на «Ахмат-арэне», у Грозным.

«Сёння мы не хочам шмат крыві. Мы хочам цікавыя баі, бо ўсе байцы, што будуць выходзіць, гэта нашыя браты», – даводзіў Рамзан Кадыраў.

Дакладней, сыны. 8-мі, 9-ці і 10-ці гадовыя нашчадкі кіраўніка рэспублікі тады пабілі ўсіх аднагодкаў і сталі чэмпіёнамі.

Фёдар Емяльяненка, як прэзідэнт Саюзу змяшаных двубояў ММА Расеі, публічна раскрытыкаваў дзіцячы турнір без сродкаў абароны, які парушае правілы ММА.

«Малыя, якім 8 гадоў, збівалі адзін аднога на вачах радасных дарослых… Мяне моцна абурае факт, што за ўсім гэтым назіраў прэзідэнт Рэспублікі Чачэнія Рамзан Кадыраў», – заявіў Фёдар Емяльяненка.

Пасля гэтага фанаты Кадырава распачалі ў інтэрнэце сапраўднае цкаванне пуцінскага сябра, з абразамі і пагрозамі, пакуль Рамзан не загадаў ім спыніцца. Але занадта позна – у Маскве адбыўся напад на дачку Емяльяненкі.

«Ахмат – сіла! Алаху акбар!»

Прымушаць да выбачэнняў нават за словы ў інтэрнэце – улюбёны спорт кадыраўцаў. Сам Рамзан гэта практыкуе: у траўні ён зладзіў публічнае лупцаванне суддзяў за жорсткія выракі маладым чачэнцам і прымусіў стаўленіка Масквы Каратаева сысці ў адстаўку. Той выбачаўся, што не адразу паслухаўся.

Дасланага Масквой на змену суддзю Мурдалава проста ў працоўным кабінеце збіў «правая рука» Кадырава Магамед Даудаў, на мянушку Лорд, каб Мурдалаў пакінуў пост. Федэральны суддзя папрасіў дапамогі ў Маскве, але потым адклікаў заяву аб нападзе.

Спачатку Алах, потым Кадыраў, а потым Расея

Пасля сканчэння чачэнскай вайны Масква дае Грознаму ўсё большыя датацыі, у чачэнскіх сілавікоў усё больш моцы і фактычных паўнамоцтваў ва ўсёй Расеі, федэральныя ўлады не ўмешваюцца ў справы Рамзана Кадырава. А Кадыраў робіць, што хоча.

У Чачэнію вядуць і сляды рэзанансных забойстваў, у тым ліку журналісткі Ганны Паліткоўскай і палітыка Барыса Нямцова. Але да Кадырава следства не даходзіць.

«Поспехі нашага народу і ў баях, і ў іншых сферах – усё гэта дзякуючы ў першую чаргу міласці Алаха, а ў другую чаргу – нашаму прэзідэнту Рамзану Кадыраву», – мяркуе Адам Дэлімханаў, дэпутат «Единой России», мільярдэр.

У такіх умовах справа Емяльяненкі можа суцішыць амбіцыі Рамзана Кадырава. А можа і распаліць застарэлы канфлікт між расейскімі праваслаўнымі і чачэнскімі мусульманскімі нацыяналістамі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў