Хто чытае сучасную беларускую літаратуру?


Сёння ў Менску адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі «Дэбют» для маладых літаратараў, што пішуць па-беларуску. Адзін з прэтэндэнтаў на прэмію пісьменнік Кірыл Стаселька распавядае пра тое беларускую літаратуру вачыма маладых.

Калі вы пачалі пісаць, і колькі часу прайшло да выхаду вашай першай кнігі «Дзіцячы маніфест»?

Пісаць я пачаў яшчэ ў школе. Але першы мастацкі тэкст апублікавалі ў літаратурным часопісе, калі я вучыўся ўжо на першым курсе. Ад першай публікацыі да выхаду кнігі прайшло каля 7-8 гадоў. На самой справе, пасля таго, як я аддаў кнігу ў выдавецтва, прайшло вельмі мала часу. Чакаць публікацыі ў літаратурных часопісах даводзілася значна даўжэй.

Некаторыя лічаць, што пісьменнік творыць у перыяды натхнення. Як адбываецца ваш творчы працэс?

Магчыма, так адбываецца ў паэтаў, дакладна не ведаю. Але для многіх пісьменнікаў, з якімі я меў зносіны, гэта, перш за ўсё, праца, момантамі досыць руцінная. Тыя, хто думае, што напісаць кнігу – гэта проста дачакацца натхнення і хуценька напісаць, пакуль ідэя не знікла, памыляюцца. У літаратуры трэба працаваць, як і ў любой іншай справе. Думаю, словы Томаса Эдысана слушныя і для літаратуры: «Геніяльнасць – гэта толькі 10% таленту, і 90% працы».

Як вы лічыце, ці ёсць у сучаснай беларускай літаратуры аўдыторыя?

Такая пастаноўка пытання, напэўна, не зусім карэктная. У любога прадукту можа быць аўдыторыя або спажывец. Пытанне ў тым, наколькі гэтая аўдыторыя шырокая. На жаль, наклады беларускай мастацкай літаратуры, як беларускамоўнай, так рускамоўнай, зніжаюцца. З беларускамоўнай літаратурай справа ідзе яшчэ горш.

Паводле апытанняў, мастацкую літаратуру на рускай мове чытае амаль 100%, а вось на беларускай – крыху больш за 27%. Пры гэтым перавагу беларускамоўнай літаратуры аддаюць толькі каля 5%.

Але ў дадзеным выпадку да рускамоўнай адносілі, вядома ж, не толькі, і не столькі кнігі беларускіх аўтараў. Яны таксама ў досыць цяжкім становішчы. Таму не дзіўна, што большасць апытаных нават не можа ўзгадаць ніводнага сучаснага беларускага пісьменніка. Твор літаратуры зʼяўляецца прадуктам і, думаю, у значнай меры, праблема заключаецца не ў тым, што прадукт дрэнны, а ў тым, што яго пакуль не вельмі добра навучыліся прадаваць.



Вашая кніга «Дзіцячы маніфест» выйшла тры месяцы таму, але ўжо стала досыць папулярнай сярод моладзі. Скажыце, якія намаганні вы прыкладаеце, каб яе прасоўваць?

Што датычыць прасоўвання, то гэтым, перш за ўсё, звычайна займаюцца выдавецтвы, рэтэйлэры ці, у некаторай ступені, літаратурныя агенцтва. Я ж, як аўтар, удзельнічаю ў рознага роду літаратурных імпрэзах, як і іншыя, выкарыстоўваю магчымасці сацыяльных сетак. У прыватнасці, на дадзены момант я езджу па Беларусі з прэзентацыяй сваёй кнігі. У бліжэйшы час таксама планую правесці ў сацыяльных сетках некалькі розыгрышаў.

«Дзіцячы маніфест» ужо намінавалі на некалькі літаратурных прэміяў. 23 сакавіка будуць вядомыя вынікі прэміі «Дэбют». Як думаеце, якое месца вы зоймеце?

Не хачу загадваць. Засталося чакаць зусім няшмат, вось і даведаемся.

Галіна Лапо, belsat.eu

Стужка навінаў