Ля чыгункі, стаяла хата, у якой нарадзіўся Міхась Лынькоў – аўтар папулярнага ў дзяцей апавядання «Міколка-паравоз». Але без мясцовага жыхара гэтага месца не знойдзеш.
«Тут стаяў дом, я яго яшчэ помню – добры вясковы дом. Участак быў абгароджаны. Я не ведаю, хто загадаў усё гэта знішчыць. Але знішчылі спачатку дом, а пасля калодзеж», – кажа Аляксандр Содзікаў, тутэйшы жыхар.
Высветлілася, што хату народнага пісьменніка, аўтара славутага «Міколкі-паравоза» знішчылі камунальныя службы. Хата пайшла на дровы. Што стала прычынаю?
«Прэзідэнт сказаў, каб ацяплялі жыллё, палілі ў печах дровамі. Вось таму ўсе старыя дамы, што стаялі ў Старым Сяле, у тым ліку Лыньковых, згарэлі ў кацельных», – дадаў Аляксандр Содзікаў.
Як распавялі мясцовыя жыхары, хата Лынькова была на балансе магілёўскай чыгункі. На ёй нават вісела шыльда ў гонар пісьменніка. Але ў адзін дзень яго не стала – і гэта, на жаль, не адзіны прыклад такога стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны ў краіне.
«Я лічу, што з гэтай хаты можна было зрабіць музей Міхася Лынькова. Хата была трывалая», – мяркуе Наталля Уласава, настаўніца матэматыкі.
У старасельскай школе хочуць стварыць мемарыяльны музей Лынькова. Але ці не запозна схамянуліся?
Але захавалася яшчэ старая школа, у якой вучыўся Лынькоў. Цяпер яна належыць жыхарцы Рагачова Даніце Галомзік, якая калісьці працавала ў Старым Сяле. Гэтая жанчына гатова перадаць будынак пад музей. Вось і ўсё, што сведчыць пра Лынькова ў ягонай роднай вёсцы. Усё менш застаецца тут людзей, якія могуць паказаць мясціны, звязаныя з жыццём класіка нашай літаратуры.
Сёлета ў Рагачове праходзіў Дзень беларускага пісьменства. Але і гэтая падзея не стала нагодай, каб аднавіць хату Міхася Лынькова ў Старым Сяле. Магчыма, наступнае пакаленне вяскоўцаў ужо не пакажа мясцін, дзе жыў класік.
Максім Кот, «Белсат», фота – proliv.livejournal.com