«Хай у мяне падатак коўдрамі возьмуць». Жанчына разводзіць авечак, а вырабаў з воўны прадаць не можа


Часлава Вілейта жыве ў вёсцы Ярэва на Пастаўшчыне зусім побач з літоўскай мяжой. Колькі гадоў таму яны з мужам стварылі асабістую падсобную гаспадарку «Вілейта». Але сутыкнуліся са шматлікімі перашкодамі беларускіх рэаліяў.

Гаспадарка ў Вілейтаў сапраўды вялікая: свінні, гусі, качкі, куры, козы, ну і, вядома, авечкі. З іх воўны Часлава Вілейта шые коўдры. Але каб прадаць іх, патрэбна адкрыць ІП. У гэтым мала эканамічнай выгодны – коўдры Часлава Вілейта шые ўсяго некалькі месяцаў на год.

Часлава Вілейта правярае, ці роўна раскладзеная воўна.
Фота: Леанід Юрык/«Белсат»

«Так і мама рабіла»

«Воўну спачатку трэба давесці да толку. Я яе вымываю, потым расскубваю. Дзякуй Богу, у Паставах яшчэ можна воўну вычасаць», – дзеліцца Часлава Вілейта, раскладаючы воўну па насыпачным матэрыяле.

На кожную коўдру трэба каля 800 грамаў воўны. Калі пакласці больш, коўдра атрымаецца зацяжкай. «Можаце пашчупаць. І не толькі пашчупаць, а і панюхаць: няма тут ніякага паху», – з гонарам кажа гаспадыня і дадае, што каб гэтага дабіцца, прыйшлося ўкласці шмат працы.

«Авечкі ў мяне вялікія, пароды прэкас, з адной можа выйсці воўны ледзь не на дзве коўдры. Са звычайнай авечкі недзе атрымліваецца каля кілаграма воўны, а з прэкасаў амаль два», – распавядае спадарыня Часлава, пры гэтым правяраючы рукой, ці роўна насланая воўна: «Так даўней і мама рабіла, калі валёнкі валіла».

Гісторыі
У Гомлі зачынілася карчма «Будзьма», якая была візітоўкай гораду. Як улады душаць бізнес
2020.11.28 10:58

Жанчына спрытна закрывае воўну свабодным куском тканіны і паказвае, што пакуль нас чакала, начарціла крэйдай на ёй квадрацікі, каб лягчэй было коўдру потым прашыць. Ды і прыгожа ж глядзецца будзе, калі швы роўненькія!

Але для пачатку, па словах спадарыні Чаславы, коўдру трэба сфастрыгаваць, гэта значыць, прашыць вялікімі шыўкамі, каб воўна трымалася ў насыпцы. Пасля прашыўкі на машынцы фастрыгавальная нітка вымаецца.

Пакуль жанчына рыхтуе коўдру для шыцця на машынцы, яна дзеліцца сваімі праблемамі. Бяда ў тым, што яна не можа іх легальна прадаць на рынку, для гэтага патрэбна адкрываць ІП, гэта значыць станавіцца індывідуальным прадпрымальнікам.

Прашыўка коўдры на машынцы.
Фота: Леанід Юрык/«Белсат»

«Ва ўсім свеце, У Польшчы, у Літве, плаціш падатак на зямлю, і ўсё, што на гэтай зямлі ты вырабляеш, ты гэта прадаеш, і больш на цябе няма ніякага падатку», – з горыччу распавядае Часлава Вілейта. Яна кажа, што магла б проста здаваць воўну, але яе нідзе не прымаюць.

«Тут усё так зарэгулявалі, столькі дазволаў трэба»

Па словах жанчыны, мала таго, што ёй трэба адкрыць ІП, дык, акрамя гэтага, трэба атрымаць кучу дазволаў ад той жа санстанцыі, напрыклад: «А то я раптам людзей патраўлю, нешта не тое ў коўдру пакладу».

Але яна не бачыць яна сэнсу ў тым, каб адкрываць ІП: шые коўдры яна толькі месяцы два ў годзе, астатні час працуе на гаспадарцы, якая ў яе немалая: акрамя жывёлаў, яшчэ гектар зямлі з агародамі.

Аб’ектыў
У пастцы беднасці: Як будзе пагаршацца наш дабрабыт
2020.11.30 22:43

«Мне прапаноўвалі вырошчваць гародніну і прадаваць, – кажа яна, – але што на ёй заробіш? Капейкі… Трэба прадаваць прадукцыю жывёлагадоўлі, а тут усё так зарэгулявалі, столькі розных дазволаў трэба, проста сілаў не хапае», – распавядае гаспадыня.

Часлава Вілейта паказвае гатовую коўдру.
Фота: Леанід Юрык/«Белсат»

Зараз Часлава Вілейта не мае магчымасці заплаціць падатак за зямлю, бо пенсію атрымае толькі ў снежні: «Я хачу ім прапанаваць, няхай натурай возьмуць: воўнай або гэтай коўдрай. Або чакаюць, калі я пенсію атрымаю».

Кажучы гэта, спадарыня Часлава спрактыкаванымі рухамі прашывае коўдру на машынцы. Коўдра атрымоўваецца вельмі прыгожая, цёплая, з натуральных матэрыялаў. Але, на жаль, прадаць яе ў нашай краіне так жа цяжка, як і вырабіць.

Зміцер Лупач, belsat.eu

Стужка навінаў