Гумар ці сексізм? У інтэрнэце абмяркоўваюць новы ролік «Мова Нанова»


30 траўня на сайце праекту movananova.by з’явіўся відэакліп, галоўную ролю ў якім сыграў беларускамоўны рэпер Vinsent.

Паводле сюжэту, музыка прыязджае на аўтамыйню, дзе сустракаецца з «брутальным расейскамоўным барадачом». Таксама мыцця свайго аўтамабіля чакаюць дзве дзяўчыны. Пасля таго, як Вінсэнт просіць працаўніка аўтамыйні «аддраіць ягоную малышку так, каб блішчэла ў пякельных прамянях вясновага сонца», дзяўчыны зрываюцца з месца і бягуць мыць ягоны вялікі чорны джып, а пазней разам з’язджаюць.

Стваральнікі роліка назвалі кліп правакацыныйным і выказалі надзею, што «ўсе зразумеюць гумар і не стануць шукаць у ім іншыя падтэксты».

Некалькіх гадзінаў было дастаткова для таго, каб гэткая правакацыя  пайшла ў народ. Увагу да відэа прыцягнула не столькі мова, колькі ідэя і выкананне, у выніку чаго атрымалася антырэклама, пішуць інтэрнаўты.

Глеб Лабадзенка, адзін з аўтараў кліпу, у каментары belsat.eu выказаў здзіўленне, што нехта ўспрыняў усё гэта ўсурʼёз.

«У кожнага чалавека розныя густы, успрыманне свету і пачуццё гумару. Усё, што робяць курсы «Мова Нанова», частка людзей ацэньвае станоўча, але хапае і крытыкі. Мы з павагай ставімся да меркавання ўсіх людзей – нават тых, якія бачаць у жартаўлівых трэшавых пародыях нешта большае і сур’ёзнейшае. Некалі Рыгора Барадуліна запыталі, чаму ён так любіць эратычны фальклор, выдаў цэлую кнігу і дыск. На што наш класік адказаў, што калі гэта прыцягне да мовы новых людзей – ён будзе вельмі рады. Ролік пайшоў у народ, яго абмяркоўваюць – а значыцца, мы здымалі яго не дарма».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў