«Грамадзянін, прайдзёмце!» Парады праваабаронцаў на выпадак затрымання


Што рабіць, калі вас цягнуць за рукаў у аўтазак? Belsat.eu распытаў пра гэта ў праваабаронцаў, што намагаюцца спыніць практыку адвольных затрыманняў.

Першае і самае галоўнае – не чыніць фізічнага супраціву міліцыянтам. Гэта можа скончыцца крымінальным пераследам за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў.

«Замест адміністратыўнай вы панясеце крымінальную адказнасць і можаце нават быць пазбаўлены свабоды на некалькі гадоў», – тлумачыць Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна».

Больш за тое, пры ўжыванні фізічнай сілы з вашага боку, супрацоўнікі міліцыі будуць мець права таксама выкарыстаць гвалт.

У пастарунку

Кожны затрыманы мае права ведаць, за што яго затрымалі. Павінны быць складзены пратакол, затрыманы мае права з гэтым пратаколам азнаёміцца, напісаць да яго свае тлумачэнні і як ён сам бачыць гэтую сітуацыю. Можна таксама пазначыць асобы і кантакты сведкаў, якія прысутнічалі ў момант затрымання і могуць расказаць, як было насапраўды.

«Часта ў такіх выпадках пратакол складаюць за лаянку матам, дробнае хуліганства або парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. І тут можа быць дзве пазіцыі. Адна з іх, калі чалавек увогуле гаворыць, што я не я і хата не мая, я міма ішоў і нідзе не ўдзельнічаў. Іншая пазіцыя, калі вы кажаце, што ўдзельнічалі, але выказвалі свае меркаванне мірным чынам, грамадскага парадку не парушалі, рэалізоўвалі сваё канстытуцыйнае права», – распавядае Валянцін.

Бывае, затрыманыя прызнаюць віну ў спадзяванні на тое, што ім выпішуць штраф і адпусцяць без арышту. На думку праваабаронцы, гэта – не самая лепшая стратэгія, калі вы сапраўды сваёй віны не бачыце.

«Калі вы насамрэч нічога не рабілі, то мае сэнс аспрэчваць абвінавачванне і спрабаваць даказаць, як было па вашай версіі, што вы не лаяліся матам, да грамадзянаў не чапляліся, нікому перашкодаў не чынілі. У гэтым выпадку рашэнне суда можна будзе абскардзіць на працягу 10 дзён ці 5 дзён, калі чалавек арыштаваны. Калі ж затрыманы прызнаў сваю віну, то абскарджваць ужо няма сэнсу. Гэтым могуць скарыстацца ўлады, калі чалавек, напрыклад, пачне казаць, што ён палітычны зняволены».

Пасля складання пратаколу чалавека могуць трымаць пад адміністрацыйным арыштам да 72 гадзін да суда, або адпусціць і выклікаць на судовае паседжанне позвай.

Падчас арышту

На час арышту ў затрыманага маюць права забраць усе асабістыя рэчы, а таксама рэмень і шнуркі, каб не ўчыніў шкоды сабе або іншым. На ўсё адабранае павінен быць складзены спіс, згодна якому рэчы будуць потым вяртаць. Асобу могуць падвергнуць дактыласкапіі або відэа-фіксацыі, усё гэта прадугледжана заканадаўствам. Перадачы таксама можа дазволіць толькі канвой.

Супрацоўнікі міліцыі павінны патэлефанаваць сваякам і паведаміць пра тое, што яго затрымалі ды дзе ён знаходзіцца, але толькі калі затрыманы сам пра гэта папросіць. Без патрабавання яны гэта робяць толькі ў дачыненні да непаўналетніх асобаў.

У судзе

У судзе можна заявіць хадайніцтва, каб паўдзельнічаў адвакат, які будзе абараняць правы затрыманага. Таксама можна хадайнічаць аб допыце сведкаў, праглядаў відэаматэрыялаў, якія пацвярджаюць адсутнасць віны.

На пачатку паседжання суддзя павінен паведаміць склад суда, а таксама запытацца, ці прызнае падсудны сваю віну.

Калі правы былі парушаныя

Калі затрыманы лічыць, што супрацоўнікі міліцыі перавысілі свае паўнамоцтвы, абыходзіліся з ім жорстка, таксама можна абскардзіць дзеянні міліцыі.

«Калі чалавека не кормяць, не пояць, не даюць хадзіць у прыбіральню ці дазваляюць сабе фізічнае ўздзеянне, абражаюць – гэта ўсё недапушчальна. Хапаць чалавека пры затрыманні і біць яго, калі ён яшчэ нават нічога не паспеў зрабіць або перавозіць на падлозе – зразумела, што такія дзеянні мы лічым незаконнымі і бесчалавечнымі», – кажа праваабаронца.

Калі затрымліваюць іншых

Праваабаронцы раяць не адбіваць сілай сяброў у міліцыі, бо наўрад ці такім чынам можна дапамагчы, але верагодней нарабіць шкоды сабе. Лепей паспрабаваць прыцягнуць увагу назіральнікаў і дазнацца, у які РУУС вязуць затрыманых. Потым паведаміць вядомыя імёны і прозвішчы праваабаронцам. Так ім будзе прасцей складаць спісы затрыманых і весці абарону іх правоў.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары