Глеб Лабадзенка заклікае да байкоту заправак «United Company» за тое, што на іх паказваюць «Россия 24»


Прычынай стала адмова супрацоўніка дадзенай запраўкі пад Стоўбцамі пераключыць расейскі канал на любы беларускі.

«На запраўцы United Company пад Стоўбцамі папрасіў пераключыць на тэлевізары канал «Россия 24», бо не хачу піць каву і глядзець канал краіны-тэрарыста. Атрымаў адказ, што ёсць загад генеральнага дырэктара не пераключаць гэты канал. Напісаў у кнігу скаргаў, звярнуся ў міністэрства. І болей ні нагой на гэтыя запраўкі», – напісаў беларускі блогер і журналіст.

Пазней каардынатар моўных курсаў «Мова Нанова» звярнуўся да дырэктара аўтазапраўкі з просьбай патлумачыць дзеянні супрацоўнікаў.

«Дырэктар Віталь Кулак пацвердзіў, што ёсць загад кіраўніцтва не пераключаць канал «Россия 24», каб на запраўцы ішоў толькі ён. Прычыну такога рашэння ён ўцямна патлумачыць не змог. Сказаў, «мы так вырашылі, бо на гэтым канале людзі найпаўней дазнаюцца навіны з усяго свету». А пасля таго, як я спытаў, ці мы жывем у Расеі, і ці чаму я павінен глядзець навіны з Тулы і Разані, проста кінуў слухаўку».

Цяпер да Віталя Кулака немагчыма дазваніцца. У цэнтральным офісе кампаніі таксама адмаўляюцца каментаваць сітуацыю, просяць накіраваць пісьмовы запыт.

У падобную сітуацыю Глеб трапіў у ГУМе.

«У ГУМе ў кавярні таксама ўвесь час уключаны канал «Расея». Пазваніў намесніцы дырэктара Святлане Мікалаеўне. Падзякавала за заўвагу і адказала: «Я вас пачула, дзякуй, нешта будзем вырашаць».

«Па ватніках трэба біць рублём», – падсумоўвае журналіст і заклікае дзяліцца гэтай інфармацыяй.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары