Мэта ейнай кампаніі – мірнае рэфармаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання і эканомікі дзеля дабрабыту грамадзянаў Беларусі.
Ганна Канапацкая абвясціла, што будзе балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, перадае TUT.by. Аб гэтым экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў абвясціла на ўласнай прэс-канферэнцыі.
Яна заявіла, што сітуацыя апошніх дзён толькі абвастрыла праблемы ў грамадстве і прадэманстравала няздольнасць дзяржавы абараніць сваіх грамадзянаў, забяспечыць упэўненасць у заўтрашнім дні, даць сацыяльныя гарантыі і магчымасць атрымліваць своечасовую дапамогу, быць забяспечанымі своечасовай інфармацыяй.
– Як вынік такой палітыкі мы бачым цяпер поўны крызіс даверу да ўлады з боку беларусаў, асабліва ў рэгіёнах. Я не хачу быць іншай назіральніцай за гэтымі дэструктыўнымі працэсамі, я хачу ўплываць на працэсы і рэфармаваць іх, – заявіла Канапацкая.
Экс-дэпутатка адзначыла, што сёння важна ствараць рэальныя інструменты падтрымкі і развіцця мясцовага бізнесу, які можа стаць драйверам росту эканомікі і забеспячэння самазанятасці беларусаў, асабліва ў рэгіёнах.
– Я як жанчына-палітык не падзяляю каштоўнасць мужчынскіх цацак, якія дэманструюць сілу і ўладу, якія прыйшлі да нас з савецкага мінулага. Для мяне важныя чалавечнасць, добрасуседства, палітычны нейтралітэт, свабода. Я не абяцаю, а раблю і нясу адказнасць за вынік – адзначыла Канапацкая.
Раней былая актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі спрабававала стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі, але ейную кандыдатуру не падтрымалі іншыя ўдзельнікі праймерыз.
Ганна Канапацкая ў 2016 годзе стала дэпутаткай Палаты Прадстаўнікоў. Разам з Аленай Анісім яна стала адной з двух прадстаўніц апазіцыйных сіл у беларускім парламенце.
У 2019 годзе яна планавала ізноў балатавацца ў дэпутаты, аднак ЦВК прызнаў ейныя подпісы нядзейнымі.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі сёлета пройдуць 9 жніўня.
КТ Belsat.eu