Ганаровыя грамадзяне Берасця атрымаюць больш за $ 1100. Што пра гэта думаюць гараджане?


Пётр Пракаповіч – ганаровы грамадзянін Берасця

У верасні Берасцейскі савет дэпутатаў пастанавіў ганаровым грамадзянам гораду выплачваць аднаразовую дапамогу ў памеры 100 базавых велічыняў.

Цяпер гэта каля $1100 цяпер, з наступнага года, калі базавая велічыня павялічыцца, – яшчэ больш.

Belsat.eu зацікавіўся, каго прызнаюць ганаровымі гараджанамі, і запытаўся, што думаюць пра ініцыятыву дэпутатаў берасцейцы.

Званне «Ганаровы грамадзянін Берасця» было зацверджанае ў 1967 годзе. Сёння ў адпаведным спісе праходзяць 29 асобаў (яны, дарэчы, грошай не атрымаюць, таму што пастанова тычацца новых асобаў у спісе). Сярод іх, напрыклад, Пётр Пракаповіч і былы кіраўнік гарвыканкаму Аляксандр Палышэнкаў.

Прадстаўленне грамадзянаў да прысваення «ганаровага звання» ажыццяўляецца за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і культурнае развіццё Берасця, за канкрэтныя высокія дасягненні ў прафесійнай, грамадскай і дабрачыннай дзейнасці, за іншыя заслугі перад горадам. Хадайніцтва аб прысваенні звання накіроўваецца адміністрацыямі раёнаў, працоўнымі калектывамі і грамадскімі арганізацыямі гораду ў Берасцейскі гарадскі выканаўчы камітэт. Званне прысвойваецца паводле рашэння Берасцейскага гарадскога Савету дэпутатаў на падставе прадстаўлення гарвыканкаму. Звычайным грамадзянам цяжка ўплываць на такія рашэнні.

Асобам, уганараваным званнем, дадаткова надаюцца правы ды ільготы: пазачарговае абслугоўванне ва ўстановах аховы здароўя, арганізацыях рознічнага гандлю і бытавога абслугоўвання, бясплатны праезд у гарадскім транспарце (аўтобус, тралейбус) і надбаўка да пенсіі ў памеры пяці базавых велічыняў.

Не тыя сталі «ганаровымі»

Ірына Лаўроўская, доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, лічыць, што ў спісе ганаровых грамадзянаў Берасця мусяць быць зусім іншыя годныя людзі:

«З усяго спісу сапраўднымі берасцейцамі, якія складаюць гонар нашаму гораду, я б назвала Лілію Батыраву (заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь) і Міхаіла Йофе (былы дырэктар заводу «Берасцегазаапарат»). І думаю яшчэ Анатоля Варабʼёва (кіраўнік ансамбля танца «Радасць»), які з ансамблям шмат зрабіў для гораду. Рэшта – начальнікі-функцыянеры і вайскоўцы, наўрад ці варта ім быць ганаровымі жыхарамі».

Сама Ірына Лаўроўская ў спіс ганаровых грамадзянаў уключыла б, напрыклад, Віктара Мандальскага (пасмяротна), аўтара гісторыка-геаграфічанага нарысу пра Берасце, альбо Міхаіла Шавеля, дырэктара лялечнага тэатру.

Праваабаронца, сябра Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў культуры і гісторыі Дзяніс Турчаняк мяркуе, што ў спісе ганаровых грамадзянаў Берасця ёсць людзі, якія нават нанеслі гораду шкоду. І называе былога кіраўніка берасцейскага гарвыканкаму Аляксандра Палышэнкава.

«Ягоная праца ў гарвыканкаме вылучаецца вялікімі абʼёмамі будаўніцтва ў гістарычнай частцы Берасця. З ягоным прыходам тут пачаўся перадзел уласнасці і знішчэнне будынкаў, якія зʼяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Менавіта пры ім пад выглядам рэканструкцыі будынкаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці ажыццяўляўся іх знос і ўзвядзенне на новых, абсалютна іншых будынкаў, якія ўжо не маюць гэткі статус», – кажа Дзяніс Турчаняк.

Дзяніс Турчаняк

І распавядае пра нараканні да Палышэнкава ад людзей, якіх былы чыноўнік выселіў з цэнтру гораду, «ачысціўшы тым самам участак для інвестараў». А таксама ўзгадвае дзіўныя адключэнні асвятлення ў абласным цэнтры год таму.

«Мабыць крызіс дабраўся і да чыноўнікаў накшталт Палышэнкава, якія вырашылі за кошт нашых грошай палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Выглядае як быццам асаблівая каста рыхтуецца ладзіць банкет падчас велізарнага беспрацоўя ў горадзе», – адзначае Дзяніс Турчаняк.

Добрая праца чыноўнікаў – норма, а не дасягненне

Шмат пытанняў да спісу ганаровых грамадзянаў Берасця ёсць і ў гісторыка, рэдактара газеты «Царква» Ігара Бараноўскага.

«На маю думку сумленнае выкананне сваіх працоўных абавязкаў на працягу доўгага часу зусім не падстава надаваць тытул ганаровага грамадзяніна гораду. Гэта норма для кожнага прыстойнага чалавека.

Таму я ня бачу патрэбы ўключаць у гэты спіс шмат каго, хто там знаходзіцца сёння. Тым больш дзіўна бачыць у гэтым спісе ганаровых грамадзянаў розных кіраўнікоў», – заўважае Ігар Бараноўскі.

На ягоную думку, крытэрам ганаровых грамадзянаў Берасця адпавядаюць алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка ды касманаўт Пётр Клімук. Разам з тым Ігар Бараноўскі не разумее, чаму не надалі такі статус мастаку-ювеліру Мікалаю Кузьмічу, які аднавіў крыж Еўфрасінні, ды іншым выбітным асобам.

«Менавіта таму я лічу, што кандыдаты ў спіс ганаровых грамадзянаў павінны ўхваляцца на мясцовых рэферэндумах, а не паводле меркавання гаспадарчага актыву, які сядзіць у мясцовых саветах», – мяркуе Ігар Бараноўскі.

Алесь Ляўчук, belsat.eu, фотаздымкі Мілана Харытонава

Стужка навінаў