У паядынку за трэцяе месца ў вагавай катэгорыі 85 кілаграмаў Джавід Гамзатаў перамог балгарына Мікалая Байракава з лікам 4:1.
Гэта пяты медаль Беларусі на Алімпіядзе ў Рыа.
Джавід Гамзатаў нарадзіўся ў 1989 годзе ў Дагестане, ён лезгін. Ва ўзросце 9 год пачаў займацца вольным дужаннем – гэтым відам спорту займаўся да 16 гадоў, пакуль не перакваліфікаваўся ў грэка-рымскае дужанне.
У Беларусь Джавід пераехаў, калі яму было 17 гадоў. У нашую краіну яго запрасіў суайчыннік і чалец зборнай Беларусі па дужанні Алім Селімаў, які цяпер зʼяўляецца дырэктарам у футбольным клубе «Дынама» (Менск).
Спачатку таленавіты спартовец выступаў толькі на ўнутраных спаборніцтвах. У Гамзатава практычна не было канкурэнцыі ў Беларусі, але за межы краіны ён не мог выехаць, паколькі яму ўсё ніяк не маглі аформіць грамадзянства. Тым не менш, Джавід праявіў цярпенне і дачакаўся свайго шанцу выступаць за каманду Беларусі пасля сыходу Селімава.
Знаходзячыся ў падвешаным стане, Гамзатаў не атрымліваў ніякай падтрымкі ад дзяржавы.
На здзіўленне трэнаваць Гамзатаў пакуль не хоча. Джавід плануе рэалізаваць сябе пасля спартовай карʼеры ў абсалютна іншай сферы. Юрыспрудэнцыяй ён захапіўся даўно і ў будучыні хоча працаваць па профільнай адукацыі, якую атрымлівае ў галоўным беларускім ВНУ.
У сацыяльных сетках цяпер ужо бронзавы прызёр робіць спрэчныя публікацыі. Напрыклад, на яго старонцы можна знайсці цытаты Пуціна і нават Сталіна.
Або апісанні пераходу хрысціянаў у іслам.
НМ, belsat.eu, паводле By.tribuna.com, фотаздымак НАК Беларусі