Гамарджоба-біт: рэпартаж з фестывалю электроннай музыкі «GEM Fest 2016» у Грузіі

photo

Гамарджоба*, шаноўныя сябры! Я толькі што вярнуўся з Грузіі. Але не проста з Грузіі, а з аднаго з найбуйнейшых фестываляў электроннай музыкі «GEM Fest 2016». Пяць дзён аўдыявізуальнага аргазму. Пяць дзён танцаў і мора. Пяць дзён шчасця.

Цяжка паверыць, што на амаль пустым месцы можа паўстаць якасны насычаны фестываль такога ўзроўню. Сапраўды Грузія край неабмежаваных магчымасцяў. Line-up’у мог бы пазайздросціць любы еўрапейскі фестываль. Паўль фан Дзюк (Paul Van Dyk), Паўль Калькбрэнэр (Paul Kalkbrenner), Анья Шнайдэр (Anja Schneider), Гус Гус (Gus Gus Live), Борыс Брэйха (Boris Brejcha) – і гэта толькі гэдлайнеры.

2016_Gem1-3620
2016_Gem2-3936
2016_Gem2-3730

Грузія багатая на ўласных дыджэяў і музыкаў. Ды і суседзі не горшыя. Армянскія, азербайджанскія, турэцкія артысты таксама цешылі вельмі інтэрнацыянальную публіку. Пра людзей на фестывалі трэба пісаць асобны артыкул. Ня ведаю, як для вас, але для мяне фестывалі гэта заўсёды магчымасць пазнаёміцца з новымі цікавымі персанажамі. Так, менавіта, персанажамі. Бо там не было натоўпу. Кожны быў настолькі прыгожы, неверагодны, нетрывіяльна апрануты, што толькі з партрэтаў гэтых людзей можна было б зрабіць асобную выставу.

2016_Gem1-3626
2016_Gem4-4156
2016_Gem2-3746
2016_Gem2-3875

Дадайце да гэтага легендарную гасціннасць і шчырасць грузінаў. Варта было на хвіліну зрабіць сумны твар і перастаць танцаваць, як зусім незнаёмыя людзі ўжо пытаюцца цябе – ці ўсё добра? Ці падабаецца цябе Грузія? Ці ты не галодны? Ці добра сябе адчуваеш? Цяжка ўявіць сабе такое ў Беларусі ці нават у Польшчы, дзе я цяпер жыву. Мой «Фэйсбук» папоўніўся дзясяткам новых прозвішчаў і запрашэнняў адведаць іх наступным разам.

Але вернемся да фестывалю. Адчувалася, што кожная са сцэнаў фестывалю была зробленая прафесіяналамі сваёй справы. Кліматычная малая Кімоно стэйдж, з якой звыкла зачынаўся мой дзень, давала мажлівасць размяць цела і сэнсары пасля нядоўгага, зразумела, сну ў намёце. Спакойны чыл паволі пераходзіў у больш рытмічны біт – і даваў магчымасць абудзіцца. Чорнае мора абуджала апетыт. Хачапуры па мегрэльску (а ў кожным рэгіёне Грузіі свой традыцыйны спосаб іх гатаваць) салата з сонечных памідораў ды гарбата – і ты ўжо гатовы танчыць далей.

Не бяда, што ў субтропіках горача. Ёсць Аквапарк стэйдж, дзе можна паляжаць або патанцаваць у прэснай прахалоднай вадзе пад рытмы лакальных дыджэяў.

2016_Gem4-4105
2016_Gem4-4122

Стаміўся – адпачні ў бамбукавым бары на ўзгорку з відам на адзін з самых нязвыклых будынкаў, якія я ўвогуле бачыў у сваім жыцці. Недабудаваны праз вайну рэстаран, які нагадваў ці то грыб, ці то вежу іншапланетнікаў увесь час карыстаўся папулярнасцю сярод фестывальных фатографаў і гасцей.

2016_Gem2-3889

Пасля безумоўна неабходнай дзённай сіесты каля Спэйс стэйдж стаяла чарга, каб атрымаць чарговую порцыю дыджэйскіх сэтаў. Пасля заходу сонца было адчуванне, што ты на іншай планеце. Я нават часам азіраўся ў пошуках свайго касмічнага карабля.

Яшчэ некалькі сэтаў у космасе і можна ісці на галоўную сцэну. Амфітэатр, скіраваны ў бок мора, удзень не прыцягваў асаблівай увагі. Затое ўначы пераўтвараўся ў выбух святла і музыкі. А калі пры канцы дня падчас выступу Паўля фан Дзюка (Paul Van Dyk) пачаўся яшчэ і феерверк заставалася толькі крычаць ад шчасця!

2016_Gem1-3702

Што датачыць музыкі, то ў «GEM Festival 2016» для мяне перамагла вясёлая і нястомная Анья Шнайдар (Anja Schneider).

Гус Гус (Gus Gus) быў так сабе. Магчыма таму, што бачыў іхныя лепшыя выступы ў Берліне ды Варшаве. На жаль, да Грузіі яны даехалі не ў поўным складзе. Што не перашкодзіла Мусе (мая лялечная малпачка-вандроўнік і фанатка Гус Гус) цешыцца іхным выступам і амаль выскачыць на сцэну!

2016_Gem4-4246

Паўль Калькбрэнэр (Paul Kalkbrenner) раздаваў басы і весяліўся як заўсёды. Паслухаць усіх было проста немагчыма, таму пра выступы астатніх музыкаў больш падрабязна чытайце на адмысловых музычных сайтах.

Дзякуй усім, хто быў разам са мной у гэты тыдзень. Асобныя падзякі прыўкраснай дзяўчыне, фатографу, маёй кампаньёнцы ў гэтым падарожжы Ане Войцекай за ейныя неверагодныя здымкі, якія расквечваюць гэты тэкст і нашаму трып-эдвайзэру Бэке Оміадзэ – чалавеку з вялікім сэрцам.
Кахання ды спакою ў вашыя хаты.

*Гамарджоба – Добры дзень

Усе фотаздымкі

Ян (Памедор) Реуцкі (на фота), belsat.eu

2016_Gem1-3530

Фота: Anna Wojtecka, fottoo.pl

Глядзі таксама
Каментары