Французскія мусульмане прыйшлі ў каталіцкія святыні, каб падтрымаць хрысціянаў

photo

Французскія мусульмане ў каталіцкіх святынях. Фота AFP

Мусульмане ў Францыі прыйшлі ў каталіцкія святыні, каб ушанаваць памяць забітага святара Жака Амэля (Jacques Hamel) і выказаць свой пратэст супраць ісламскага тэрарызму.

Каля сотні мусульманаў прыйшлі раніцай у нядзелю ў Руанскую катэдру, дзе ў набажэнстве ў памяць айца Амэля ўзялі ўдзел каля 2 тыс. вернікаў.

Унутры сабору зʼявіўся транспарант «Любоў да ўсіх і нянавісць ні да каго» – ад імя мясцовай супольнасці мусульманаў.

Прыход мусульманаў у каталіцкую святыню – «жэст мужнасці», «жэст свету», падкрэсліў Дамінік Лебран (Dominique Lebran), арцыбіскуп Руану. «Гэтак вы пацвярджаеце сваё непрыманне гвалту, учыненага «ад імя» Бога. Мы чулі з вашых вуснаў шчырыя словы пра тое, што гэта не зʼяўляецца ісламам», – сказаў арцыбіскуп.

000_dq35i_0

Мусульмане прыйшлі таксама ў касцёлы Італіі. Фота AFP

Касцёл мястэчка Сэнт-Эцьен-дзю-Руўрэ (Saint-Étienne-du-Rouvray), у якім 26 ліпеня двое 19-гадовых тэрарыстаў забілі падчас імшы 85-гадовага святара Жака Амэля, знаходзіцца ў 8 км ад Руану.

29 ліпеня Рада мусульманскага культу Францыі ўпершыню ў гісторыі заклікала вернікаў прыйсці на нядзельную імшу 31 ліпеня «ў найбліжэйшы да дому касцёл» у знак салідарнасці з хрысціянамі пасля тэракту ў царкве Сэнт-Эцьен.

У Каталіцкім Касцёле з прызыву Рады мусульманскага культу спачатку «здзівіліся», прызнаўся ў інтэрв’ю «Le Figaro» прэс-сакратар Канферэнцыі біскупаў Францыі ксёндз Алівіе Дзюма (Olivier Ribadeau Dumas). «Але гэта – выдатная ідэя, вядома ж, мы будзем рады мусульманам, якія прыйдуць у нядзелю», – сказаў святар, адзначыўшы, што Канферэнцыя біскупаў неадкладна апублікуе заклік рады на сваім сайце.

На заклік адгукнуліся і мусульмане Італіі: невялікія дэлегацыі на чале з мясцовымі імамамі наведалі касцёлы ў розных рэгіёнах краіны.

МЯ, паводле rfi.fr

Глядзі таксама
Каментары