Кіраўнік Украіны пабагацеў, але агульная маёмасць 100 самых багатых украінцаў за апошні год скарацілася на 25 %.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка за 2015 год павялічыў уласны капітал больш чым на $ 100 млн, падлічыў «Forbes-Украіна».
Выданне сёння апублікавала свой штогадовы рэйтынг топ-100 найбагацейшых людзей Украіны. Першы радок традыцыйна займае ўладальнік кампаніі «Систем Кепітал Менеджмент» (СКМ) Рынат Ахметаў з багаццем у $ 2,3 млрд.
Другое і трэцяе месца дзеляць саўладальнікі «Прыватбанку» Ігар Каламойскі і Генадзь Багалюбаў, якія здолелі ў 2015 годзе захаваць сваю маёмасць на ўзроўні $ 1,3 млрд кожны.
На чацвёртым месцы – Віктар Пінчук з $ 1,2 млрд, а на пятым – Юрый Касюк з $ 1 млрд.
Парашэнка заняў шостае месца ў рэйтынгу з маёмасцю ў $ 858 млн. Па выніках 2014 года яго багацце ацэньвалася ў $ 750 млн.
Парашэнка застаецца ўладальнікам Міжнароднага інвестыцыйнага банку, зʼяўляецца бенефіцыярам холдынгу «Укрпромінвест-Агро».
Як адзначае «Forbes», прэзідэнту Украіны па-ранейшаму належаць шэраг актываў у крухмальнай, аўтамабільнай, суднабудаўнічай і машынабудаўнічай галінах. Таксама ў яго ёсць некалькі нацыянальных і рэгіянальных тэлерадыёкампаніяў.
Аднак агульная маёмасць 100 самых багатых грамадзянаў Украіны за апошні год скарацілася на 25 % і цяпер складае $ 20 млрд.
Паводле часопісу, на скарачэнне багацця паўплывала падзенне коштаў на сыравіну, зніжэнне продажаў хімічнай прадукцыі, прасяданне машынабудаўнічай галіны, перапынак працы прадпрыемстваў у зоне ваеннай аперацыі ў Данбасе і страта расейскага рынку збыту.
МЯ, паводле korrespondent.net