Энергія ветру. Рэпартаж з сталіцы ветравой энергетыкі


Ветраэнергетыка нямецкага Гамбургу святкуе! У выставачных залах гораду, найлепшыя энергетычныя кампаніі паказалі інавацыйныя тэхналогіі ды паслугі. Сімвалам сёлетняй выставы стаў першы ў свеце 64-метровы вінт, прыдуманы для слабога ветру.

Імпрэзу адкрываў віцэ-канцлер Нямеччыны і адначасна міністр эканомікі і энергетыкі Зігмар Габрыель, які падзяліўся сваім поглядам на сучасную сітуацыю ў ветраным сектары. «Ад малазначнага прадукту на пачатку 90-х, гэтая індустрыя выразна развіваецца ў межах нямецкага машынабудавання. Рынак нямецкай ветраэнергетыкі ёсць міжнародным лідарам, які стварае шлях да старту гэтай тэхналогіі ў Нямеччыне, Еўропе і свеце», – сказаў Габрыель.

Сённяшні Гамбург – фактычна сусветная сталіца ветравой энергетыкі. Тут месцяцца паўтары тысячы кампаніяў, у якіх працуюць 25 тысяч спецыялістаў. Дзве траціны сусветных ноу-хау, звязаных з дабываннем энергіі з ветру, можна знайсці менавіта ў гэтым нямецкім горадзе.

Акрамя гэтага, 1200 удзельнікаў выставы з 35-ці краінаў свету выкарыстоўваюць сёлетні прамысловы кірмаш як новую рэкламную платформу.

Развіццё марскіх ветравых паркаў і ротараў – гэта будучыня, якой падзяліліся кампаніі на міжнароднай выставе. Адной з гэткіх прыладаў стаў 130-метровы вятрак агульнай магутнасцю на 3,3 мегаваты, які абслугоўваецца вельмі малымі выдаткамі ды чалавечымі сіламі. Самыя важныя праекты гэткага кшталту кантралююцца менавіта з Гамбургу.

Сярод самых цікавых інавацыяў была прэзентаваная і сістэма мабільнай энергетыкі! Важыць яна ўсяго 75 кілаграмаў і, магчыма, ёсць самай маленькай прамысловай усталёўкай здабывання электрычнасці з ветру.

«Гэта надзвычай добры штуршок ад нас. Нямецкая індустрыя ветраэнергетыкі – адна з самых важных у свеце. Такім чынам, мы хочам паказаць нашую прадукцыю і нашую кампанію – вось чаму мы тут», – кажа Нікаляс Канэвара, прэзідэнт кампаніі «Semtive».

Ветраэнергетычная выстава ў Гамбургу праходзіць кожныя два гады. І менавіта тут нараджаюцца галоўныя ідэі пра тое, як атрымліваць энергію ў сябе дома ды не залежаць ад паліўных крыніцаў.

KC / МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары