Эксперт пра «транспартную рэвалюцыю»: Хапіла б 30 % аўтаў, якія ёсць зараз


Генеральны дырэктар нямецкай ініцыятывы «Agora Verkehrswende» («Транспартная рэвалюцыя Agora») Крыстян Гохфэльд распавёў, як будзе развівацца аўтапарк у будучыні.

На ягоную думку, у бліжэйшы час будуць развівацца мадэлі сумеснага карыстання аўтамі і іншыя канцэпцыі мабільнасці ў спалучэнні з грамадскім транспартам і роварамі.

«Такое спалучэнне дапаможа нам зменшыць выдаткі, палепшыць якасць паветра і вызваліць каштоўныя землі для розных мэтаў. Калі ўвесь аўтамабільны парк нейкага гораду падзяліць сярод карыстальнікаў і ўжываць аўтаномна, то мы б мелі каля 20-30 % аўтаў ад сённяшняй колькасці», – адзначае Гохфэльд.

Да больш частага выкарыстання ў Нямеччыне не шкодных для навакольнага асяроддзя транспартных сродкаў прымушае энергетычная канцэпцыя, прынятая нямецкім урадам у 2010-м годзе. Згодна з ёй, у 2050 годзе выкіды аўтамі парніковых газаў у параўнанні з 1990 годам маюць быць зніжаныя на 80-95 %.

Глядзіце таксама >>> Ці выгадна прыганяць ужываныя аўты?

Калі «транспартная рэвалюцыя» у Нямеччыне будзе паспяховай, іншыя краіны таксама будуць арыентавацца на гэтую мадэль Нямеччыны, мяркуе Крыстян Гохфэльд.

НМ, belsat.eu, паводле Die Zeit

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары