Актывіст Маладога фронту Зміцер Крамянецкі запатрабаваў кампенсацыі маральнай шкоды за час, праведзены ў СІЗА па «справе патрыётаў».
Крамянецкі паведаміў, што першапачаткова падаў у суд на сілавікоў і следчых, але пасля, паводле яго словаў, адзіным адказчыкам застаўся КДБ.
Паседжанне, якое адбылося сёння ў судзе Маскоўскага раёна Менску – ужо не першае, гэта працяг разляду скаргаў Крамянецкага, але цяпер як адказчык фігуруе Міністэрства фінансаў. Прынамсі, гэтак пазначана ў раскладзе паседжанняў.
На судзе прысутнічаў прадстаўнік Мінфіна, ён заявіў, што не бачыць падставаў задаволіць пазоў Крамянецкага.
«Я вырашыў судзіцца, бо яны закрылі мяне і проста трымалі на Валадарцы амаль 10 содняў, пасля справу супраць нас спынілі. Адпаведная пастанова мне прыйшла 2 чэрвеня, тады ж я падаў скаргу на Следчы камітэт. І вось з лета цягнуцца суды. Гэта адбываецца праз бюракратыю: патрабуюць шмат розных дакументаў», – распавёў «маладафронтавец» belsat.eu.
Ён адзначыў, што «фактычна гэта пазоў да КДБ», але адказчыкам выступае Мінфін, бо менавіта гэтае ведамства мае паўнамоцтвы выплочваць маральную кампенсацыю.
Коратка выступіў і прадстаўнік КДБ, які таксама быў на судзе.
«Нічога па сутнасці сакавіцкай справы ён не казаў, проста заявіў, што КДБ пазоў не падтрымлівае», – дадаў Крамянецкі.
Суддзя Паліна Анціпчук абвясціла, што рашэнне па справе будзе вынесена заўтра ў 9:00.
***
Актывіста Маладога фронту, актыўнага ўдзельніка абароны Курапатаў Змітра Крамянецкага затрымалі сёлета 23 сакавіка, як і шэраг іншых «маладафронтаўцаў», якім высунулі абвінавачванне ў «падрыхтоўцы масавых закалотаў». Крамянецкі ж увесь гэты час знаходзіўся толькі ў статусе падазраванага.
Агулам напярэдадні 25 сакавіка сёлета арыштавалі больш за трыццаць асобаў. Частцы выставілі абвінавачанні ў «падрыхтоўцы масавых закалотаў», а колішнім сябрам «Белага легіёну» дадалі яшчэ і артыкул «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання».
У чэрвені КДБ перадаў гэтую справу ў Следчы камітэт, неўзабаве ўсе абвінавачаныя выйшлі на свабоду. А 27 лістапада СК закрыў справу ў дачыненні да ўсіх фігурантаў.
КА, belsat.eu