Эдуард Пальчыс: Расейскае ТБ гадамі адурманьвае беларусаў. Наступствы мы яшчэ ўбачым


Вядомы блогер, дысідэнт і былы палітвязень Эдуард Пальчыс у інтэрвʼю belsat.eu папярэджвае пра «вірус “расейскага свету”» ды тлумачыць, чаму не перайшоў на беларускую.

«Расейскае ТБ гадамі адурманьвае беларусаў»

А калі казаць пра «рускі мір» у Беларусі, то наколькі глыбока ён ушыўся у нашае грамадства?

Для мяне паказальны прыклад аднаго байца з «ДНР», які паехаў ваяваць пасля прагляду сюжэту пра «укрыжаванага хлопчыка» з Славянску. Прапаганда ўздзейнічае і нікуды ад гэтага ня збегчы. Расейскае ТБ гадамі адурманьвае беларусаў, і наступствы гэтай «працы» мы яшчэ ўбачым.

Улада пачала рэагаваць негатыўна на яскравыя праявы «расейскага свету». Варта ўзгадаць арышты «рэгнумаўцаў», што гэта можа азначаць?

Гэта спроба самазахавання. Бо ўлады разумеюць небяспеку «расейскага свету». Але шмат хто ў дзяржаўнай сістэме сам з’яўляецца носьбітам гэтага віруса, асабліва ў войску і сілавых структурах.

Хіба таму і пачаліся чарговыя «дыпламатычныя гульні» з Захадам, як страхоўка ад пагрозы «расейскага свету»?

З Захадам заігрываюць дзеля крэдыту і грошаў, бо два гады перманентнага крызісу прымушаюць выкарыстоўваць усе варыянты. Тут шмат абставінаў, пра якія мы ня ведаем. Геапалітычная сітуацыя вельмі хутка змяняецца, 2016-ы год прынёс шмат сюрпрызаў. Таму мала хто ў свеце можа што-небудзь добра пралічыць наперад.

«Я без праблем магу перайсці на беларускую мову, але…»

Нядаўна пачуў, што Пальчыс – герой і беларускі супермен, але каб ён загаварыў беларускай, дык было бы яшчэ лепей. Як ты ўспрымаеш такія выказванні?

Ну, па-першае, тое, што я герой і супермен – гэта залішняе і зусім не так. Па-другое, тое, што я размаўляю па-расейску ў дадзенай сітуацыі – плюс. Я без праблем магу перайсці на беларускую мову, але сваю задачу бачу ў працы сярод рускамоўных беларусаў.

Няма мовы – няма нацыі, ці так гэта?

Ня так. Бо нацыі ёсць розныя. Напрыклад – амерыканцы. У іх мова ангельская. Ці вось ёсць дагэтуль ужываюць латынь, але на ёй ніхто не размаўляе. Але калі глядзець на класічныя еўрапейскія нацыі – так, свая нацыянальная мова абавязкова ёсць, і мы павінны таксама да гэтага імкнуцца.

Ці можа прывесці навязванне беларускай мовы да нянавісці да яе?

Пытанне, што такое навязванне? Вось нам некалі гвалтам насаджалі расейскую мову – гэта было нашмат горшае, чым навязванне. Таму я за любое пашырэнне ўжывання беларускай мовы. Гэта будзе не навязваннем, а абаронай існавання роднай мовы.

Нельга цурацца ніякіх метадаў ці трэба знайсці залатую сярэдзіну?

Канечне, пажадана, каб гэта было камфортна для большай часткі насельніцтва, і не выклікала абурэння без неабходнасці.

А як гэта можна рэалізаваць?

Тут пытанне. Хто гэта будзе рабіць – грамадства, дзяржава, ці разам? Стратэгіі могуць быць рознымі, але галоўнае – стварэнне добрага стаўлення да роднай мовы, пашырэння яе сферы ўжытку, ды развіццё дзіцячай беларускамоўнай адукацыі.

Як жыве Эдуард Пальчыс цяпер?

Са дня твайго вызвалення мінула больш за тры месяцы. Чым цяпер займаешся?

Зараз нідзе не працую, бо з маім мінулым не ўсе пагодзяцца за мной сустракацца (усміхаецца). Таму, разлічваю на працу ў медыясферы.

Ты зараз пачаў пісаць артыкулы для «Нашай Нівы» ды весці калонку на старонцы «Белсату». Хацеў бы прафесійна заняцца журналістыкай?

Наконт гэтага казаць падрабязна ня буду, бо рыхтую для чытачоў цікавы сюрпрыз (загадкава ўсміхаецца).

Які Эдуард Пальчыс у побытавым жыцці? Іншымі словамі чым цікавішся, якія ў цябе хобі, што чытаеш і якую музыку слухаеш?

Гэта ўсё засакрэчаная інфармацыя, і доступ да яе ёсць толькі ў майго куратара з ААЦ (смяецца).

Гутарыў Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары