Начныя набажэнствы ў святынях Менску. Расклад


У ноч на 16 красавіка велікодныя службы пройдуць ува ўсіх цэрквах і касцёлах беларускай сталіцы.

Набажэнствы ў каталіцкіх святынях

19:00 Вігілія ў гонар Уваскрашэння Хрыстовага пачнецца ў капліцы парафіі Маці Божай Будслаўскай (вул. Івянецкая 15а).

20:00 Велікодныя набажэнствы пачнуцца ў касцёле Святых Сымона і Алены (праспект Незалежнасці, 15), капліцах парафіяў Святога Яна Хрысціцеля (вул. Пляханава, 28), Божага Цела (вул. Герасіменкі 6), касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі – Памочніцы хрысціянаў (пасёлак Бараўляны).

21:00 На велікодную вігілію запросяць касцёлы Святога Роха на Залатой Горцы (праспект Незалежнасці 44а) і Узвышання Святога Крыжа (Кальварыйскі праезд 1), а таксама капліцы парафіяў Святых Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ (вул. Матусевіча 80), Божай Маці Ружанцовай (вул. Гашкевіча 1) і Святога Міхала Архангела (пасёлак Гатава).

21:45 У менскай катэдры велікодную вігілію ўзначаліць кіраўнік Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

22:00 Велікодныя службы пачнуцца ў капліцах парафій Святых апосталаў Пятра і Паўла і Святога Эжэна дэ Мазэно (вул. Кальцова 153), Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (вул. Лабанка 102).

23:00 Набажэнства ў капліцы парафіі Маці Божай Ларэтанскай (вул. Зорная 54).

Набажэнствы ў праваслаўных святынях

22:00 Велікодная паўночніца пачнецца ў царкве Праведных Захарыі і Елізаветы (вул. Стаханаўская 32).

23:00 Набажэнствы пачнуцца ў цэрквах Іконы Божай Маці Менскай (вул. Галадзеда 60), Іконы Божай Маці Уладзімірскай (Волжскі праезд 8), Іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых» (вул. Карастаянавай 14), у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы (пр. Пераможцаў 82), Міхаіла Архангела (вул. Янкоўскага 2), Апостала Андрэя Першазванага (вул. Малініна 19), Свяціцеля Мікалая Цудатворца (вул. Ельніцкая 28а), Праведнай Софіі Слуцкай (вул. Казінца 108).

23:10 Кіраўнік Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал узначаліць велікоднае набажэнства ў Свята-Духавым кафедральным саборы на плошчы Свабоды.

23:15 Велікодная паўночніца пачнецца ў царкве Роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла (праспект Незалежнасці, 26), Роўнаапостальнага князя Уладзіміра (вул. 1-я Пасялковая 47), Пакутніка Немаўля Гаўрыіла Беластоцкага (вул. Карпава, 1), Жываначальнай Тройцы (вул. Севастопальская 100), Іконы Божай Маці «Усецарыца» (вул. Грушаўская 50), у гонар Праабражэння Гасподняга (праспект газеты «Праўда» 31).

23:20 Перадвелікодныя службы пачнуцца ў цэрквах Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (вул. Кісялёва 42), Іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» (вул. Прытыцкага 65) і ў гонар Уваскрасення Хрыстовага (вул. Гамарніка 29).

23:25 Пачнецца перадвелікодная служба ў царкве Опцінскіх Старцаў (вул. Касманаўтаў 24).

Вернікі стаяць у чарзе, каб асвяціць велікодныя яйкі і пірагі каля святыні-помніку ў гонар Усіх Святых. 15 красавіка 2017 г.

23:30 Паўночніцу пачнуць служыць у Саборы святых Пятра і Паўла (вул. Ракаўская 4), цэрквах Свяціцеля Мікалая Японскага (вул. Лідская 7), Аляксандра Неўскага (вул. Казлова 11), пакутніка Афанасія Берасцейскага (вул. Рагачоўская 8а), Праведнага Іова Шматпакутнага (Дом міласэрнасці, вул. Францішка Скарыны 11), Роўнаапостальнай вялікай княгіні Вольгі (пр. Партызанскі 17), Іконы Божай Маці «Неўпівальная чаша» (вул. Мендзялеева, 4), святыні-помніку ў гонар Усіх Святых (вул. Усіхсвяцкая 2).


Сёлета праваслаўныя, каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначаюць Вялікдзень адначасова. Апошні раз гэтая царкоўная дата супадала ў прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесіяў у 2014-м.

Велікодныя богаслужэнні ў большасці хрысціянскіх краінаў звычайна адбываюцца ўначы або (як, напрыклад, у Сербіі) раніцаю, на світанку.

ДД

Глядзі таксама
Каментары