17 кастрычніка а 19:00 у менскім АРТкінатэатры (пр. Дзяржынскага 104) распачнецца новы сезон праекту «СВАЁ КІНО: Любім і глядзім».
Сезон паказаў сучаснага беларускага кінамастацтва адкрыюць кароткаметражныя стужкі «Дачка» і «Блядская гісторыя» рэжысёркі Мары Тамковіч.
Пётр вяртаецца дадому ў шаснаццаты дзень народзінаў сваёй дачкі і знаходзіць яе без прытомнасці ў лужыне крыві. З гэтага дня іхнае жыццё больш ніколі не будзе ранейшым.
Трое сяброў выпіваюць на кухні і пасля пэўнай колькасці алкаголю адзін з хлопцаў, Брат, тэлефануе прастытутцы. Гэта гісторыя пра каханне, якое не магло адбыцца. Фільм паводле апавядання Захара Прылепіна «Блядский рассказ».
Праект «СВАЁ КІНО» – гэта паказы анімацыі, новых ігравых і дакументальных кінастужак, якія зрабілі беларускія мастакі.
Мара Тамковіч – рэжысёрка, сцэнарыстка, журналістка. Аўтарка дакументальных і гульнявых фільмаў, якія паказваліся ў Гдыні, Кракаве, Тэль-Авіве, Нью-Ёрку, Лондане ды Маскве. Лаўрэатка ўзнагароды «Яна Мерседэс» для найлепшай аўтаркі гульнявога фільма на фестывалі «Два Берагі». Ва ўласных фільмах аддае перавагу сацыяльнаму рэалізму, а як глядачка таксама цэніць добрае жанравае кіно.
ЮВ, belsat.eu