Дзеля чаго Лукашэнка перапісвае сваю біяграфію

video

https://www.youtube.com/watch?v=FLHTRkiMBo0

Аляксандр Лукашэнка – першы і нязменны, цягам 22-ух гадоў, прэзідэнт Беларусі нарадзіўся ў гарадскім паселішчы Копысь на Віцебшчыне. Гэтак напісана на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі. Але ж сам Лукашэнка, падчас святкавання Вялікадня, нечакана называе іншае месца.

«Будзь то на поўначы Віцебшчыны, ці то ў Воршы, дзе я нарадзіўся», – нечакана дзеліцца кіраўнік Аляксандр Лукашэнка.

Можна было б і не звяртаць увагі на гэты ляп, каб не той факт, што і раней Лукашэнка спрабаваў перапісаць сваю біяграфію.

Напрыклад, у 2009-м годзе, кіраўнік Беларусі падчас інтэрв’ю расейскай газеце «Завтра» спрабаваў змяніць і дату нараджэння, каб прыгажэй выглядала ягоная сувязь з любімым сынам.

«Вы ж разумееце, што я таксама чалавек, і ў мяне ёсць дзеці, асабліва малодшы Міколка, якога я горача люблю. Яму сёння 5 гадоў, а мне ўжо 55. Нарадзіліся мы з ім у адзін дзень, 31 жніўня», – распавядаў Аляксандр Лукашэнка.

Імгненна тады адрэагавалі рэдактары афіцыйнай старонкі кіраўніка Беларусі, якія выправілі дату нараджэння з 30, на 31 жніўня. А налета і дзяржаўныя тэлеканалы вырашылі не спрачацца і менавіта 31 жніўня павіншавалі Лукашэнку і ягонага любімага сына.

«У прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і малодшага сына Мікалая, сёння дзень народзінаў. Яны нарадзіліся ў адзін дзень і сёння прымаюць віншаванні», – паведамляла тады вядучая навінаў тэлеканалу «ОНТ».

Шмат блытаніны і вакол бацькі Аляксандра Лукашэнкі. Ён, паводле некаторых крыніцаў, абсалютна не браў удзелу ў выхаванні будучага кіраўніка Беларусі. Аднак сам Лукашэнка вырашыў падсаладзіць пілюлю і дадаў крыху гераічнага мастацтва ў лёс сям’і. Звяртаючыся да расейскіх ветэранаў у Валгаградзе 20 гадоў таму, заявіў літаральна наступнае.

«Я вас вельмі добра разумею. Бо ў мяне таксама бацька загінуў падчас Другой сусветнай вайны», – запэўніваў Лукашэнка.

Але для кіраўніка нашай краіны не мае ніякага значэння той факт, што вайна скончылася ў 45-ым, а, значыць, за 9 гадоў да нараджэння самога Аляксандра Лукашэнкі. Ды і не дзіва такія міфы і легенды, кажа аўтар кнігі-біяграфіі пра кіраўніка Беларусі Валер Карбалевіч, бо ёсць з каго прыклад браць.

«Калі паглядзець біяграфіі аўтарытарных лідараў, там такое робіцца ўвесь час. Нават у савецкія часы, калі генеральныя сакратары прыходзілі да ўлады, іх абʼяўлялі найвыбітнейшымі дзеячамі, іхныя біяграфіі былі абсалютна прыгожыя», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Ды і ці варта здзіўляцца самаробным зменам біяграфіі Лукашэнкі, калі не раз ён нават агульную гісторыю спрабаваў перапісаць, напрыклад, «вучыць вершы Васіля Быкава», ці казаць пра перыяд творчасці Францішка Скарыны ў Санкт-Пецярбурзе. І не важна, што Скарына памёр за 150 гадоў да заснавання паўночнай сталіцы Расеі. Галоўнае, быць упэўненым у сваёй версіі…

«Ён жа прозу пісаў – ну вы мне будзеце гаварыць, я вучыў яго і няблага вучыў», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары