У былым сядзібным комплексе ў Мёрскім раёне зруйнавалі парэшткі неагатычнай стайні, збудаванай больш за 100 гадоў таму. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Сцежкі Беларусі».
Сядзіба Святаполк-Мірскіх у вёсцы Каменполле з панскім домам, рэшткамі парку і стайняй былі збудаваныя ў 1907 годзе. Будынкі былі абкладзеныя за савецкім часам белай цэглай, а ад стайні захаваліся фактычна толькі неагатычны фасад з вежамі.
Але і яны былі разбураныя некалькі месяцаў назад.
Як паведамляе «Наша Ніва», сельгасарганізацыя, якой належала пабудова, такім чынам правяла «добраўпарадкаванне».
«Узарвалі і ўсё. А гэта помнік мадэрну. У нашым раёне яны вялікая рэдкасць», – кажа мёрскі краязнаўца Вітольд Ермалёнак.
Панскі дом у Каменполлі, які за савецкім часам стаў адміністрацыяй калгаса, уваходзіць у Спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. А суседнюю стайню помнікам не прызналі.
Дырэктарка Мёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Аксана Лагунёнак, адзначае, што сцяна стайні моцна нахілілася і ўяўляла пагрозу для дзяцей, якія бегалі вакол. Паводле яе, навесці парадак запатрабавала пракуратура.
Унесці ў спіс гісторыка-культурных помнікаў стайню было немагчыма праз яе безнадзейны стан, кажа дырэктарка музею.
МГ belsat.eu