Законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», які ўчора разглядаўся ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытанні, пакінуў без зменаў норму, згодна з якой вытворца можа выбіраць, на якой мове ўказваць інфармацыю аб тавары або паслузе: беларускай ці расейскай.
Пра гэта паведамляе pravo.by.
Як патлумачыла сябра Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву Наталля Жыбуль, пры падрыхтоўцы законапраекта дэпутаты кіраваліся пазіцыяй тых беларускіх вытворцаў, якія сцвярджаюць: заканадаўча замацаванае патрабаванне ўказваць інфармацыю аб таварах, паслугах і на беларускай, і на расейскай мовах пацягне істотнае падаражэнне гэтых тавараў і паслуг.
Раней тэма выкарыстання беларускай мовы на этыкетках выклікала бурныя абмеркаванні ў грамадстве. Блогер Антон Матолька і актывіст Ігар Случак стварылі петыцыю за тое, каб беларуская мова з’явілася на этыкетках айчынных тавараў.
ІІ, belsat.eu