Беларус з «ДНР»: Да беларускай мовы стаўлюся выдатна, рады, што хоць нехта яе памятае


Журналісты ў сацыяльных сетках распазналі яшчэ аднаго найміта з Беларусі, які ваюе на баку баевікоў.

Аляксея Маркулевіч з вёскі Вялемічы Столінскага раёну у сярэдзіне лютага паехаў ваяваць на Данбас. Гэта адбылося праз паўгода пасля дэмабілізацыі з беларускага войска, піша Obozrevatel.com, дзе хлопец служыў у 11-й механізаванай брыгадзе.

Падчас перапіскі з Belsat.eu (адразу прапаноўвае перайсці на расейскую) Алесь Маркулевіч распавядае, што ўжо 4 месяцы на Данбасе. Ваюе на баку ДНР ў якасці штурмавіка-выведніка, як прызнаецца сам. Беларусаў за гэты час не сустракаў, а ў зоне баявых дзеянняў апынуўся праз свае перакананні.

Аляксей Маркулевіч: Кожны павінен памятаць сваю гісторыю. А ўкраінцы мала таго, што забыліся яе і перакройваюць на свой лад… а рабілася ж яна нашымі дзядамі. І я не хачу, каб дзесьці пра нас дрэнна казалі. Яны перасталі памятаць тых герояў, якіх памятаем мы. Бандэра ў іх стаў героям. І гэта чалавек, які забіў столькі людзей. А яшчэ праз хлусню пра рускіх ва Украіне… а самі бамбяць сваіх жа з артылерыі. Не хацеў бы, каб тут забівалі дзяцей і старых.

Belsat.eu: Ты кажаш, што падзабыў беларускую мову. А як ставішся да беларускамоўных?

Аляксей Маркулевіч: Выдатна! Я рады, што яшчэ хоць нехта памятае беларускую)))

Belsat.eu: Дык можа хацеў бы ўзгадаць і вывучыць родную мову? А пасля калі будзе патрэба, ваяваць за незалежнасць Беларусі?

Аляксей Маркулевіч: А беларусы і так незалежны народ) Але ў выпадку небяспекі для беларусаў я, зразумела, стану на іх абарону.

Belsat.eu: А чаму ты ўвогуле не знайшоў сабе якую працу дома, а паехаў ваяваць?

Аляксей Маркулевіч: Ды была ў мяне і праца, і магчыма, светлая будучыня. Але я не змог кінуць брацкі народ у бядзе, паехаў дапамагаць. Ды і як аказалася, гэта я добра навучыўся рабіць у Беларусі – дапамагаць у вайне.

Мяркуючы па старонцы Аляксея Маркулевіча «Вконтакте», пасля войска ён спрабаваў уладкавацца мулярам на будоўлю, але пасля вырашыў стаць наймітам. Ваюе за сепаратыстаў і не саромеецца публікаваць на сваёй старонцы «Вконтакте» фотаздымкі з захопленага Данецку.

Побач з адным фотаздымкам змясціў надпіс, што ён ваюе «за Бацьку і за дзядзю Вову». Таксама публікуе здымак, на якім топча сцяг Украіны.

Беларусы ваююць па абодва бакі канфлікту ва Украіне. Нядаўна «Белсат» пабываў на трэнавальнай базе палку «Азоў» у Кіеве. Там добраахвотнікі-беларусы, якія ваююць за Украіну, распавялі, што нашмат больш нашых суайчыннікаў паехалі ваяваць менавіта на баку сепаратыстаў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў