Дармовае мяска для расейцаў: улада на лаве падсудных

video

Другі дзень гэтак званай справы мясакамбінатараў. Справы маштабнай як паводле колькасці тамоў, гэтак і паводле стратаў ды пасадаў абвінавачаных. Разглядаюць справу ў Магілёве, але вінавацяць высокіх чыноўнікаў з Гомля. Горад на Сажом чарговы раз апынуўся ў цэнтры карупцыйнага скандалу. 

96 тамоў крымінальнай справы, шасцёра фігурантаў, паўтары сотні сведкаў – крымінальная справа ўражвае сваёй маштабнасцю. Паводле следчых, у карупцыі замяшаныя адразу двое былых намеснікаў Гомельскага аблвыканкаму Віктар Трызна і Віктар Банчук. Апошні, дарэчы, не змешчаны пад варту, але ад каментароў „Белсату” адмовіўся.

Пасадоўцы мелі лабіяваць інтарэсы расейскай фірмы, якая купляла мясную прадукцыю з Беларусі без перадаплаты, а ў выніку не разлічылася цалкам за пастаўкі. У выніку – шматмільярдныя запазычанасці прадпрыемствам Гомельшчыны.

ЮРЫЙ ВАРОНЕЖЦАЎ

ПАЛІТЫК, НАВУКОВЕЦ

«Нашыя гомельскія чыноўнікі, напэўна, апынуліся такімі няўдачнікамі. Напэўна, насілі не ў тое месца і не тым людзям грошы, якія павінны былі выдзяляць у выглядзе распілу і крадзяжа.»

І сапраўды, вертыкальшчыкі Гомельшчыны на лаве падсудных не ўпершыню. Да прыкладу, летась да пяці гадоў зняволення асудзілі былога старшыню Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца. Пад следства трапіў і колішні намеснік Банчука Сяргей Якаўлеў, які замяніў яго на пасадзе старшыні райвыканкаму ў Рагачове.

Аляксандр Лукашэнка сёлета ў студзені пахваліўся перад журналістамі сур’ёзнай барацьбой з карупцыяй, але паспяшаўся дадаць:

“Яе цалкам перамагчы немагчыма. Вы не верце, што апазіцыянеры кажуць, быццам прэзідэнт гэта ўсё рэжысэруе”. – адзначаў кіраўнік дзяржавы.

У красавіку кіраўнік краіны распавёў пра выкрыццё карупцыйнай схемы на Ашмянскай мытні, а ўжо ў ліпені папісаў новы закон супраць карупцыі. Падавалася б, галоўны змагар з карупцыяй ў краіне зноў вяртаецца да старой праверанай схемы, з якой прыйшоў да ўлады. Але перад выбарамі антыкарупцыйная рыторыка знікла.

АЛЕГ ВОЛЧАК

БЫЛЫ СЛЕДЧЫ ПРАКУРАТУРЫ

Лукашэнку нявыгадна цяпер актыўна, галосна весці барацьбу з карупцыяй, таму што ён будзе паказваць, што сістэма не працуе. Што чыноўнікі ўсе карумпаваныя. І заўважце – нават гэты працэс закрыты.

Але пра гэткія паказальныя працэсы ў Гомлі ведаюць, а другі па велічыні горад Беларусі і ўвогуле называюць карупцыйнаю сталіцаю краіны. Таму дзе шукаць вінаватых у карупцыі, мы спыталіся ў гамельчукоў.

АПЫТАНКА

«Кіраўніцтва нашае. А хто ж яшчэ вінаваты?»

«Самі яны вінаватыя, што крадуць. Мала ім, напэўна.»

«Усё ад улады залежыць, так думаю.»

«Напэўна, кірўніцтва зверху гніе. Дзесьці ты бачыш пясчынку ў вачах, а ў сябе і бервяна не заўважаеш.»

У цяперашнім гучным працэсе, які ўжо паспелі акрэсліць як справу мяскамбінатараў вінавацяць таксама сына чыноўніка Віктара Трызны, былога дырэктара «Гомельскай мяса-малочнай кампаніі» Алега Чаркаса, а таксама дваіх грамадзянаў Расеі. Паводле следчых, яны мелі падмануць шэсць беларускіх прадпрыемстваў на 34 мільярды рублёў.

Ганна Любакова.

Глядзі таксама
Каментары