Дакар. Каманда МАЗу не мые машыны, каб не злаваць балівійцаў


Грузавік Аляксандра Васілеўскага. Фота са старонкі фан-клубу МАЗа ўва «уКантакце».

Пасля пятага дню «Дакару-2017» усе беларускія экіпажы – у першай дзясятцы.

Праз дажджлівае надвор’е, што пераўтварыла трасу пятага этапу ў балота, арганізатары ралі істотна скарацілі хуткасны ўчастак. Беларускія гоншчыкі паспрабавалі нагнаць упушчанае час і дамагліся ў гэтым пэўных поспехаў.

Экіпаж Сяргея Вязовіча паказаў пяты час – 2 гадзіны 57 мін. На 30 секундаў больш спатрэбілася Аляксандру Васілеўскаму, які апынуўся на 6-й пазіцыі.

Восьмым фінішаваў Аляксей Вішнеўскі, якому на пераадоленне спецучастку спатрэбілася 3 гадзіны. Пераможцам заезду стаў леташні чэмпіён «Дакару» Жэрар дэ Рой, які апярэдзіў беларусаў больш чым на 17 хвілінаў.

Усе тры нашыя каманды павысілі свае пазіцыі ў агульным заліку. Аляксандр Васілеўскі перамясціўся на 11-е месца з адставаннем ад лідара заезду ў 1 г 13 хв. Сяргей Вязовіч падняўся з 21-га на 17-е месца і зараз прайграе «лятучаму галандцу» 3 г 24 хв. Аляксей Вішнеўскі ўвайшоў у першую дваццатку, яго адставанне складае 4 г 35 хв.

«Пяты адмысловы ўчастак апынуўся не такім ужо і складаным – хутчэй небяспечным», – цытуе каманду «Інтэрфакс».

«Затое тут не так горача, як у Парагваі, – тэмпература паветра – каля 14-15 градусаў, – кажуць спартоўцы. – Што цікава, арганізатары просяць не мыць машыны – у Балівіі існуе недахоп пітной вады, і празмернае яе выкарыстанне можа справакаваць незадаволенасць сярод насельніцтва».

Шосты этап ралі пройдзе паміж гарадамі Арура і Ла-Пас.

  • Сёлетняя гонка праходзіць па тэрыторыі трох краінаў – Парагваю, Аргентыны і Балівіі, і будзе цягнуцца да 14 студзеня. Фініш – у Буэнас-Айрэсе.
  • Пасля леташніх праблемаў з расейскімі рухавікамі Менскі аўтазавод на два з трох гоначных цяжкавікоў паставіў чэшскія маторы «Buggyra».
Глядзі таксама
Каментары