У Горадні прэзентавалі кнігу «Літва-Беларусь» Язэпа Лёсіка – акадэміка, нацыянальнага дзеяча, які бадай што першы вывеў формулу: «Старажытная Літва – гэта і ёсць Беларусь, а сучасная Летува – гэта старажытнай Жамойць».
Прэзентацыя кнігі, якая месцамі пераходзіла ў навуковую дыскусію, прайшла ў краме «Цудоўня». Перавыданне працы Язэпа Лёсіка 1921 году прэзентавалі гісторык Зміцер Санько (на першым здымку з правага боку) ды класічны філолаг Алесь Жлутка (з левага боку).
Язэп Лёсік паставіў пытанне аб праве сучасных літоўцаў выкарыстоўваць назоў «Літва», роўна як і герб «Пагоню». Адной з імаверных версіяў паходжання назову навуковец лічыў славянскія плямёны люцічаў, якія вандравалі па Цэнтральнай ды Ўсходняй Еўропе.
Пра актуальнасць навуковай працы амаль 100-гадовай даўніны, «Літоўскае пытанне» у БССР ды беларуска-літоўскія спрэчкі ў наш час, мы пагутарылі з аўтарам пасляслоўя – Алесем Жлуткам.
Belsat.eu: Каму адрасаванае выданне?
Алесь Жлутка: Гэта навуковы варыянт, прызначаны для паспалітага чытача. Бо Лёсік пісаў з увагі на шырокую аўдыторыю, хацеў папулярызаваць сваю працу. Разам з тым, ён паспеў закрануць усе пытанні, звязаныя з назовам «Літва» – змясціў усё ў такі сціслы фармат.
Belsat.eu: Ці можна лічыць Лёсіка першаадкрывальнікам Літвы-Беларусі?
Алесь Жлутка: У нейкім сэнсе так, але паралельна па гэтай жа праблеме выказваўся Вацлаў Ластоўскі.
Таму ў першаадкрывальнікаў Літвы для беларусаў мае быць два прозвішчы: Ластоўскі і Лёсік.
Belsat.eu: Ці дайшла думка Лёсіка пра тоеснасць Літвы і Беларусі да галоваў беларусаў у 1920-я?
Алесь Жлутка: Цяжка сказаць, але часопіс «Школа и культура Советской Белоруссии», у якім артыкул убачыў свет у 1921-м годзе, быў адрасаваны настаўнікам, яго чыталі. Саму ж канцэпцыю ніхто так і не паспеў узяць на ўзбраенне: навуковая эліта была хутка знішчаная, яны мелі час толькі да пачатку 30-х. Пазней жа пытанне аб беларускасці Вялікага Княства Літоўскага было пад забаронай амаль да нашага часу.
Belsat.eu: А чаму тады за савецкім часам літоўцам далі карт-бланш на выкарыстанне спадчыны ВКЛ?
Алесь Жлутка: Мяркую, што гэта было выгодна ўсім, акрамя беларусаў. І расейцам было выгодна, і палякам.
Belsat.eu: Артыкул Лёсіка няскончаны, чаму?
Алесь Жлутка: Ён перапынены на палове з невядомых прычынаў.
Вельмі цікава было б даведацца, аб чым Лёсік збіраўся пісаць далей. Найверагодней, было ўмяшальніцтва цэнзуры. Тым больш, у хуткім часе Лёсік быў у чарговы раз арыштаваны… За Царскай Расеяй яго арыштоўвалі двойчы, за Саюзам – тройчы, апошні арышт скончыўся фатальна ў 1940-м.
Belsat.eu: Пасля прачытання Ермаловіча і Краўцэвіча, ці знойдзе чытач для сябе нешта новае ў працы Лёсіка?
Алесь Жлутка: Думаю, так. Тэорыя Лёсіка ў далейшым знайшла пацверджанне ў працах салідных мовазнаўцаў, у тым ліку ў працы Раісы Казловай, якая наўпрост выводзіць Літву ад славянскага племені люцічаў. Усе пытанні датычныя назвы Лёсік падняў упершыню. Ён жа ўпершыню закрануў і палітычны бок справы, якога баяцца дагэтуль. Гэта актуальна і сёння!
Belsat.eu: Ці можа быць нейкі кансэнсус паміж беларусамі і літоўцамі ў пытанні аб Літоўскай спадчыне?
Алесь Жлутка: Чаму не? Цягам дыскусіяў, але навуковых, а не ідэалагічных, да кампрамісу можна прыйсці. Але гэта пытанне часу і …пытанне да літоўскага боку больш, чым да беларускага.
Мы маем трымацца гістарычнай праўды. Адступацца ад сваіх поглядаў, калі яны грунтуюцца на крыніцах, мы не маем права. Ёсць жа памяць продкаў, у рэшце рэшт: яны будавалі гэтую дзяржаву (ВКЛ – рэд.), паклалі на гэта жыццё, таму мы не павінны так наўпрост адмаўляцца ад сваёй спадчыны!
Belsat.eu: Якім чынам беларусам можна давесці тоеснасць Беларусі і гістарычнай Літвы?
Алесь Жлутка: Зараз вялікую ролю граюць СМІ – гэта найпрасцейшы і найкарацейшы шлях для пашырэння гэтай ідэі. Нажаль, мне здаецца, сённешняя дзяржава ў гэтым не зацікаўленая.
Прапануем вашай увазе відэарэпартаж з прэзентацыі:
АК, belsat.eu