Сярод следчых Менску знайшлося прынамсі два дзясяткі творчых асобаў. 10 жніўня яны спявалі, гралі на музычных інструментах, выступалі ў якасці актораў і актрыс падчас конкурсу талентаў у Дварцы дзяцей і моладзі ў Менску. Прагучала там і «Малітва» Янкі Купалы.
«Удзельнікі фестывалю адзначылі, што творчасць – музыка, танцы, спевы і спорт дапамагаюць спраўляцца з той псіхалагічнай нагрузкай, якая звязана з расследаваннем асабліва цяжкіх злачынстваў, гвалту, дапамагаюць падтрымліваць настрой на якасную працу», – паведамляецца на сайце Следчага камітэту.
Аўтарскі рэп «Пра маму» чытаў са сцэны следчы Цэнтральнага раёну Менску Юры Пехота. Ён расчуліў усю залю гледачоў і атрымаў дыплом 3-га месца конкурсу талентаў.
Пераможца па Менску – следчы Першамайскага раённага аддзелу СК Максім Коласаў. Ён захапіў усіх сваімі вакальнымі здольнасцямі, праспяваў на конкурсе песню «Слова остались мне».
Песня «Малітва» на словы Янкі Купалы і музыку Уладзіміра Мулявіна прагучала ў выкананні Іллі Боські з Савецкага раённага аддзелу СК.
У рэгіёнах таксама прайшлі конкурсы талентаў. Пераможцы сёлетніх конкурсаў па ўсёй краіне сустрэнуцца ў наступным годзе ў фінальным спаборніцтве.
Яшчэ адзін следчы-рэпер знайшоўся ў Віцебскай вобласці – Віталь Марозаў з Полацкага аддзелу СК.
Беларускія следчыя таксама пішуць вершы аб сваіх буднях. Прынамсі, толькі ў Віцебскай вобласці двое супрацоўнікаў следчага камітэту чыталі са сцэны вершы ўласнага аўтарства.
Свята талентаў Следчага камітэту скончылася выступам вакальнай групы Віцебскага аддзелу СК з песняй «Это Беларусь».
ВЧ, belsat.eu