Акруговы суд раёну Прага-2 вырашыў, што мужчына, які два гады таму кідаў яйкамі ў прэзідэнта Чэхіі Мілаша Зэмана здзейсніў адміністратыўнае правапарушэнне, а не крымінальнае злачынства, паведамляе ceskatelevize.cz.
Прэзідэнта Чэхіі закідалі яйкамі 17 лістапада 2014 года ў Празе падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі з нагоды 25-годдзя падзення камуністычнага рэжыму.
Тады паліцыя затрымала двух чалавек. Аднаго з падазраваных неўзабаве апраўдалі.
Учынак мужчыны, які кідаў яйкамі ў Зэмана, спачатку расцанілі як адміністатыўнае правапарушэнне, але пасля справу перагледзелі і высунулі абвінавачванні аб непавазе да кіраўніка краіны. За падобнае злачынства чэшскае заканадаўства прадугледжвае два гады пазбаўлення волі.
Цяперашняе судовае рашэнне не зʼяўляецца канчатковым і можа быць абскарджанае.
ЮВ, belsat.eu