У святкаванні Дня Перамогі ў Маскве не будуць удзельнічаць прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі, Славаччыны ды Літвы.
У Міністэрстве абароны Польшчы распавялі, што ўсе ўрачыстыя імпрэзы, звязаныя з Днём Перамогі, пройдуць на тэрыторыі краіны. Пра гэта паведамляе выданне «Gazeta Polska Codziennie».
Прэс-сакратар Мінабароны Славаччыны заявіла, што славацкая дэлегацыя не мае намеру ехаць у Маскву на 9 траўня, а ўсе ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня перамогі пройдуць у краіне.
Па словах прэс-сакратара Мінабароны Чэхіі, мерапрыемствы з нагоды 71-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны пройдуць 8 і 9 траўня ў Брно і Празе.
Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус, у сваю чаргу, заявіў, што літоўская дэлегацыя таксама не паедзе ў Маскву: «Я не думаю, што цяпер, калі мы сталі сведкамі агрэсіі Расеі супраць Украіны, варта прымаць удзел у вайсковых парадах. Гэта не занадта добры спосаб аддаць даніну памяці ахвярам Другой сусветнай вайны».
МЯ, паводле radiopolsha.pl