Амерыканскі выканаўца атрымаў Нобэлеўскую прэмію на закрытай цырымоніі з удзелам членаў Шведскай каралеўскай акадэміі па літаратуры ў атмасферы «сакрэтнасці», без удзелу прэсы.
«Цырымонія» прайшла ў Стакгольме напярэдадні выступу Дылана 1 красавіка. Паэту ўручылі медаль і дыплом.
Спявак цягам некалькіх месяцаў не агучваў свае намеры атрымаць узнагароду. 30 сакавіка стала вядома, што ён пагадзіўся забраць прэмію, але без цырымоніі і святочнай прамовы.
Калі ён не выступіць з нобэлеўскай прамовай у бліжэйшыя месяцы, то можа пазбавіцца грашовай часткі прэміі (каля 900 тысяч долараў). Мяркуюць, што Дылан запіша лекцыю і дашле запіс у Шведскую акадэмію.
Прэмію Бобу Дылану (пры нараджэнні Robert Allen Zimmerman) прысудзілі «за стварэнне новай паэтычнай мовы ў вялікай амерыканскай песеннай традыцыі».
ДР belsat.eu паводле theguardian.com