Авіякампанія «Белавія» разглядае магчымасць запуску лоўкост-рэйсаў з абласных аэрапортаў. Пра гэта паведаміў дырэктар Дэпартаменту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі Арцём Сікорскі ў эфіры тэлеканалу СТВ.
Як адзначыў чыноўнік, неабходныя самалёты ў «Белавія» для палётаў паводле бізнес-мадэлі «лоўкост» ёсць. А абласныя аэрапорты здольныя падаць нізкія тарыфныя стаўкі на іх абслугоўванне. Зараз прадумваецца геаграфія магчымых палётаў.
Што датычыць дамовы з вугорскай лоўкост-кампаніяй «Wizz Air», то яна можа выконваць палёты як у Нацыянальны аэрапорт Менск, гэтак і ў абласныя аэрапорты.
Арцём Сікорскі адзначыў, што лоўкост-кампаніі звычайна просяць субсідыі, каб забяспечыць нізкія кошты на квіткі. Але Беларусь, паводле яго, можа прапанаваць ім толькі «камфортныя ўмовы».
Таксама Дэпартамент па авіяцыі прапрацоўвае магчымасць арганізацыі трансатлантычных палётаў праз Менск.
«Мы працуем з авіякампаніямі Кітая, Індыі, краін Блізкага Ўсходу, каб арганізаваць палёты з прамежкавай пасадкай у Нацыянальным аэрапорце Менск, а затым ляцець у ЗША, Канаду, краіны Паўднёвай Амерыкі», – заявіў Сікорскі.
Разглядаецца і пытанне закупкі адпаведных суднаў.
МГ belsat.eu