Беларусы распачалі праект пра даўншыфтараў


У беларускім сеціве з’явіўся праект, які апісвае перавагі вясковага жыцця.

Стваральнікі Downshifter.by Аўгіня Манцэвіч і Верасень пераехалі з Менску ў Лохаўшчыну некалькі гадоў таму, дзе цалкам адбудавалі старую вясковую хату.

Верасень распавядае belsat.eu пра ідэю іх «вясковага старт-апу».

«Сайт прыдумаў я, а ідэя з’явілася прыкладна 5 гадоў таму, калі мы с Жэняй купілі хату на вёсцы і пераехалі туды жыць. Пяць гадоў таму я пабачыў перад сабой цікавы новы гарызонт, а таксама нешматлікіх аднадумцаў. Усё, што адбывалася ў час гэтага пераезду, вельмі нагадвала падарожжа, кожны дзень даваў новы досвед. І было жаданне падзяліцца гэтым досведам з іншымі цікаўнымі людзьмі».

Верасень адзначае, што цяпер усё больш людзей пераязджае ў вёску і тэма становіцца актуальнай.

«Людзям не хапае інфы. Таму і прыйшла ідэя зрабіць медыа, але спачатку здавалася, што за рана і чытач яшчэ не гатовы. Да фактычнай рэалізацыі дайшло толькі цяпер. Мы выбралі альтэрнатыўнае жыццё ў беларускай вёсцы. І хочам разбурыць стэрэатыпы адносна вясковага ладу жыцця; паказаць, што варыянтаў заўсёды шмат, – кажа аўтар праекту.

Стваральнікі парталу абяцаюць, што будуць асвятляць пытанні экабудаўніцтва, заробкаў на сяле, развіцця новых сельскіх тэхналогіяў ды шмат чаго іншага.

Ужо цяпер на старонцы можна пачытаць гісторыі тых, хто адважыўся пераехаць і кінуць гарадское жыццё, а таксама знайсці карысныя парады ды лайфхакі. Напрыклад, «як тапіць печ» і «як адмовіцца ад шкоднай бытавой хіміі».

Аўгіня Манцэвіч – аўтарка праграмы «Аўтаспынам па Беларусі», якая выходзіць на «Белсаце».

Таксама глядзіце на нашым канале праграму Віктара Шукеловіча «Вяскоўцы»

ДР belsat.eu

Стужка навінаў