Беларуску заціснула дзвярыма ў метро і працягнула па пероне: зʼявілася відэа


Выданне «Corriere della Sera» апублікавала відэа з камераў назіранне ў метро ў Рыме. На кадрах бачны няшчасны выпадак з грамадзянкаю Беларусі: яе заціснула дзвярыма вагона і некалькі метраў цягнула па пероне.

Інцыдэнт адбыўся 11 ліпеня, але відэа апублікаванае толькі цяпер.

Цягнік рымскага метрапалітэну меўся ад’ехаць, калі жанчына паспрабавала патрапіць у вагон. З сабой у яе былі сумкі і пакеты. Рука жанчыны апынулася ўнутры вагону, і цягнік рушыў, пацягнуўшы жанчыну за сабой.

Напалоханыя пасажыры крычалі машыністу, але той не пачуў, націскалі кнопкі экстранага тармажэння, пры гэтым цягнік працягваў рух. У пэўны момант дзверы адчыніліся, і жанчына змагла выцягнуць руку, а цягнік паехаў далей.

Беларуску даставілі ў больніцу са шматлікімі пераломамі па ўсім целе, якія не нясуць небяспекі для жыцця.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў