Беларускія музыкі запішуць альбом з песнямі на вершы расстраляных у 37-м паэтаў


Спяваць будуць Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Cвета Бень, Кацярына Ваданосава, гурты Dzieciuki, Vuraj, Re1ikt, Akute ды іншыя вядомыя беларускія музыкі. Кампанію па збору сродкаў на праект «(Не) расстраляная паэзія» распачаў партал TuzinFm на платформе talaka.by.

Удзельнікі праекту запішуць песні на вершы паэтаў, якія былі расстраляныя 29 кастрычніка 1937 года сярод 130 іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Усяго будзе запісана 12 кампазіцый ад 12 выканаўцаў.

Кожны з музыкаў-удзельнікаў ужо абраў сабе паэта і верш, з якога будзе запісвацца песня. Напрыклад, група Dzieciuki абрала сабе верш Міхася Чарота, але які менавіта, пакуль застанецца сюрпрызам. Алесь Дзянісаў, адзін з вакалістаў гурту, што ўжо не аднойчы ўзгадваў у сваіх песнях ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, распавёў belsat.eu, што і для яго асабіста, і для гурта, удзельнічаць у гэтым праекце – гонар.

«Мы маем гонар удзельнічаць у гэтым праекце, таму што яшчэ ніколі такога не было. Самае важнае – узгадаць пра гэтых людзей, каб гэта ўсё не забывалася. У нашай краіне ахвярам нацызму надаецца шмат увагі, і гэта правільна, але што да ахвяраў сталінізму, то на іх заплюшчваюцца вочы. У сённяшнім КДБ сядзяць ідэйныя і духоўныя патомкі тых людзей, якія расстрэльвалі нашу інтэлігенцыю ў 30-х, і гэта адна з прычынаў таго, што сёння непапулярна размаўляць пра Курапаты, узгадваць пра гэтыя ахвяры, а пра іх трэба казаць, не кожны дзень, але вось такімі праектамі», – кажа Алесь Дзянісаў.

Зараз усе ўдзельнікі будуць запісваць відэа для праекту «(Не) расстраляная паэзія», а ў гэты час у межах праекту плануецца правесці 12 адкрытых лекцый са знаўцамі жыцця і творчасці канкрэтных паэтаў разам з музыкамі.

29 кастрычніка 2017 году адбудзецца канцэртная прэзентацыя праекту – роўна праз 80 гадоў пасля жахлівай ночы растрэлу.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары