Беларускі спорт і эфект «бацькі». Чаму мы ўвесь час прадуваем?


Чарговы зварот Лукашэнкі да беларускага народу і Нацыянальнага сходу традыцыйна быў напоўнены парадамі мудрага правадыра, як трэба паступаць для развіцця той ці іншай галіны.

Не магло абысціся і без абурэння ўзроўнем развіцця спорту. Гэтым разам кіраўнік адчытваў вернага паслядоўніка сваіх ідэяў – першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага Алімпійскага камітэту і не так даўно дапаможцу Лукашэнкі па пытаннях развіцця спорту Максіма Рыжанкова.

«І што вы мне паказалі на апошнім чэмпіянаце свету? У Латвіі 200 асобаў гуляе ў хакей. 200!!! І яны калашмацяць беларусаў ажно перʼя ляцяць», – адчытваў Лукашэнка.

«Апошнія гады фінансаванне спартовай галіны, значна зменшылася. Аляксандр Лукашэнка хоча мець той жа вынік, але за меншыя грошы. І рэфармаванне спорту можа ісці ў рэчышчы гэтай самай аптымізацыі, якая ідзе зараз па ўсім дзяржаўным апараце, калі чыноўнікаў скарачаюць, а функцыі іх не змяншаюць», – кажа журналіст Віталь Цыганкоў.

Рэфармаваць з галавы, то бок, перастаўляючы чыноўнікаў з федэрацыі на федэрацыю, гэта адназначна не выйсце, пакуль толькі на другім і трэцім планах развіццё дзіцячага спорту. Бо ён жа не прыносіць грошай, яскравых перамогаў і, адпаведна, не асвятляе імідж Беларусі.

«Відавочна, што гэтая схема, пры якой большасць федэрацыяў узначальваюць чыноўнікі з нейкіх міністэрстваў, наўрадці будзе змененая, паколькі ў цяперашнім, дзяржаўным фінансаванні і цяперашнім дзяржаўным беларускім спорце гэта мае сэнс, паколькі не можа быць вось тут чацвер, а тут – субота, як у тым анекдоце: калі паўсюль сацыялізм і адміністрацыйная эканоміка, то яна ж будзе і ў спорце», – мяркуе Цыганкоў.

Прынамсі, чакаць таго, чаго развучыліся ў Беларусі чакаць – ломкі сістэмы – не выпадае адназначна. А спорт, як вінцік гэтай сістэмы, але як захапленне Лукашэнкі, дакладна не выпадзе з яго пільнай увагі, а значыць, і старых метадаў кіраўніцтва.

«Каб рэфармаваць штосьці ў спорце, трэба рэфармаваць дзіцяча-юнацкі спорт і ў першую чаргу ўкладваць туды грошы і вяртаць адмыслоўцаў, якія ўехалі ў краіны, дзе добра плоцяць. У нас развіваюцца толькі тыя віды спорту, дзе ёсць гаспадар. Ёсць Казека і ён сам выбудаваў пад сябе сістэму ад дзіцяча-юнацкага да дарослага фрыстайлу, там і змена пакаленняў адбываецца. Не гладка, але, усё ж, у нас ёсць маладыя, якія зʼяўляюцца замест тых, хто сышоў. Тая ж сітуацыя ў веславанні, Кантаровіч кантралюе там поўнасцю ўвесь працэс ад дзіцячага, да дарослага спорту. А дзе такога гаспадара няма, дзе як КДБ кіруе біятлонам у нас… там, каб Домрачавай не было, то ўсё», – тлумачыць журналіст газеты «Прессбол» Сяргей Южык.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»

Стужка навінаў