Беларуская прамысловасць: адкуль «налічылі» 1000 рублёў заробку і ці варта разлічваць на расейскі рынак?


Беларускую прамысловасць чакаюць нялёгкія часы

Міністэрства прамысловасці з гонарам аб’явіла, што работнікі некаторых прамысловых прадпрыемстваў ужо атрымліваюць тысячу рублёў. Гэтая канстатацыя гучыць як тлусты намёк: да канца 2017 года загад Лукашэнкі давесці сярэдні заробак да тысячы рублёў будзе выкананы.

Тысяча рублёў «і іншыя»

У якасці прыкладу, дзе заробак перасягнуў запаветную тысячу, Мінпрам прыводзіць СП ЗАТ «ЮНІСОН», ААТ «Амкадор», ААТ «БЕЛАЗ» і іншыя, піша TUT.BY. Выраз «і іншыя» рэжа слых, бо ў Беларусі лічаныя прадпрыемствы, якія выплачваюць названы заробак. Прынамсі, так лічыць старшыня незалежнага Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў:

«Частка салігорскіх шахцёраў атрымлівае па 4300 рублёў, частка – каля тысячы рублёў. На МАЗе атрымліваюць па 700 рублёў, дырэктар МТЗ нядаўна хваліўся заробкам у 900 рублёў. Безумоўна, ёсць частка высокааплатных рабочых, але асноўная маса і не марыць пра такія грошы. Нават на буйных прадпрыемствах Менску, напрыклад, на падшыпнікавым заводзе, дзе працуюць каля 1700 чалавек, сярэдні заробак складае прыкладна 600 рублёў. Калі скласці заробкі чыноўнікаў, банкаўскіх служачых, работнікаў IT-сферы, то ўжо зараз пры жаданні можна казаць, што ў Менску заробак дасягнуў тысячу рублёў. Аднак сярэдняя тэмпература ў палаце не кажа пра агульную колькасць хворых».

Прафсаюзны лідар адзначае, што цягам апошніх дзесяці гадоў прамысловыя прадпрыемствы ў разы скарацілі колькасць працоўных: на падшыпнікавым працавалі каля 8 тысяч чалавек, зараз – 1700; скараціліся аб’ёмы вытворчасці, няма за што купляць абаротныя сродкі…
У рэгіёнах сітуацыя яшчэ горшая: не шмат прадпрыемстваў могуць пахваліцца заробкам у 500-600 рублёў. Напрыклад, нядаўна казалі, што «Лідмаш» падымае галаву, а цяпер попыт на ягоную прадукцыю істотна ўпаў: зачыніўся расейскі рынак.

Што чакае ў будучыні цяперашніх працаўнікоў – у сюжэце «Белсату» пра пенсіі

«Расея згортвае сяброўскія стасункі з Менскам»

«Аптымізм не мае ніякіх падстаў пад сабой. Улічваючы пагаршэнне з Расеяй (а Расея зварочвае сяброўскія стасункі з Беларуссю), асноўны рынак збыту беларускай прадукцыі – расейскі і надалей будзе звужацца. У Расеі маса сваіх праблемаў, дый Крэмль больш не задавольвае палітыка афіцыйнага Менску. Рознага кшталту войны не спыняюцца, наадварот, праглядваецца тэндэнцыя на іх абвастрэнне», – канстатуе Аляксандр Бухвостаў.

Між тым, на долю Расейскай Федэрацыі, па звестках беларускага МЗС, у студзені-лютым 2017 года прыходзілася 45,5% беларускага экспарту. Еўрапейскі рынак закрыты для нізкаякаснай беларускай прадукцыі, унутраны рынак не можа спажываць такія аб’ёмы прадукцыі – закрытая эканоміка не можа даваць плёну.

Аляксандр Бухвостаў мяркуе, што сітуацыя ў прамысловасці толькі пагаршаецца.

Дарэчы, тыдзень таму старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Міхаіл Арда сам прызнаў, што сітуацыя ў прамысловасці ахавая: «Летась на адным менскім заводзе 110 працаўнікам заместа скарачэння ўстанавілі працягласць працоўнага дня 48 хвілін. З 8.00 да 8.48». Пра заробкі гаварыць не выпадае.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары